Погода:
Курсы валют:
Объявления
Куплю-Продам
Радио
Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
«ГОРЯЧАЯ ЛИНИЯ»
(8-017-94) 68-1-29,
SMS-информирование

+375-29-194-77-56

Предложить новость
23 ліпеня 2019 года
Все сельсоветы
Главная  /  Новости  /  Год малой родины
22 чэрвеня 2018 года, 08:15

Сваю гісторыю распавяла Вольга ЗІНЬКО, жыхарка вёскі Верачагошч Сароцкага сельсавета

 

 Кожны раз, калі сустракаешся з людзьмі сталага ўзросту і даведваешся пра іх лёс, пераконваешся, наколькі няпросты некалі быў час. Сапраўды, жыццё пражыць – не поле перайсці. Сваю гісторыю распавяла Вольга Зінько, жыхарка вёскі Верачагошч Сароцкага сельсавета.

 – Нарадзілася я ў 1928 годзе 8 лістапада на хутары Смалянка паблізу Савалуцка (гэтай вёскі ўжо няма – немцы спалілі). У 1936 бацька памёр, інвалід быў, тады я ўжо не была малая ніколі ў жыцці…– успаміны агарнулі жанчыну. – З дзяцей я была старэйшая ў сям’і, меншых даглядала, дапамагала маме, усё рабіла. Цяжка было будаваць хату: мужчын не хапала – вайна ішла ў Фінляндыі, затым пачалася Вялікая Айчынная. У Шыпілавічах бамбілі, кажуць, тры бомбы скінулі, а тут назаўтра і ў нас немцы ходзяць – во як было!

 Падчас нямецка-фашысцкай навалы дзяўчынка-падлетак Воля малола зерне жорнамі на муку, хлеб партызанам пякла. Іх атрад, па словах суразмоўніцы, размяшчаўся ў Заельным. Бывала, стаяла на варце разам з партызанамі, з цёткаю ў Любань у разведку хадзіла.

 – Перад заканчэннем вайны немцы спалілі ўсё сяло. Чатыры чалавекі згарэлі, што хаваліся ў склепе. Толькі тры хаты засталося, у іх жылі і старыя, і малыя. У вайну тыф быў, спачатку сыпны, адзёр, потым брушны, раўчукамі ішлі вошы, што ні рабілі і адзежу парылі. Ляжалі ў зямлянках людзі покатам, хто доле, хто палок зрабіў. Усе перахварэлі, меншыя родныя мае: сястрычка Аня, брацікі Жэня і Вася, яго малога насіла на плячах, – памерлі, а я, большая, выжыла, была, як палец, сухая. Мама, праўда, не хварэла. Многа родных і блізкіх забрала вайна, дзядзька пад Арлом загінуў…

 Перамогу жыхары Верачагошча сустрэлі на папялішчы. Пачалі ўзводзіць хаты і будаваць мірнае жыццё. Адразу Вольга Мікалаеўна працавала ў паляводчай брыгадзе. Праз некалькі гадоў выйшла замуж за вясковага хлопца: ён быў трактарыстам у калгасе.

 – Палола разам з жанчынамі ячмень, авёс, проса. Калючак паназалазіць у пальцы, а што ж ты зробіш? Канавы за гады вайны пазарасталі, ачышчалі іх уручную, па 25 метраў за дзень на чалавека. Пралі, ткалі, каноплі насілі ў хату сушыць, церлі іх, лён трапалі… Пазней кок-сагыз капалі замёрзлымі рукамі. Я і звеннявой была. Жанчыны аралі жэрдкаю, пасля з’явіўся плужок аднаконны.

 У 1950 годзе нарадзіла першую дзяўчынку. У 6 месяцаў мая Валька захварэла і памерла, – на вочы жанчыны наварочваюцца слёзы. – Усіх было ў мяне сямёра дзяцей: 4 дачкі і 3 сыны. Пазней не стала дарослай дачкі Антаніны, а пасля – і сына Сярожы 1965 года нараджэння. Харошыя мае дзеткі былі малыя, і як мне весела і добра было… – ледзь не плача суразмоўніца. – У водпускі дэкрэтныя ні разу не хадзіла. Страшна цяжка было, але я рабіла з агеньчыкам. На цялятніку працавала 15 гадоў у Верачагошчы, затым на кароўніку 20. Цяляты мае не прападалі, аж блішчалі – так глядзела іх. Сваю групу баялася на дзень каму-небудзь аддаць. Тады ж жанчыны пасвілі самі, касілі, па дровы ездзілі, каб было на чым пойла варыць цялятам. Не брала ніякіх выхадных, грошы трэба былі, хату будавалі. У 50 гадоў аформілася на пенсію, але кароў і потым яшчэ даіла.

 У пачатку 80-х Вольга Мікалаеўна неаднаразова выходзіла пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва ў рэспубліцы. За высокія працоўныя дасягненні адзначана Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Жанчына паказала свае ўзнагароды і зноў акунулася думкамі ў былое. У калгасе «Чырвоная Змена», якім у той час кіраваў Кузьма Іванавіч Шаплыка, яна адпрацавала 43 гады. Як і ў большасці сялян, раней у Вольгі Мікалаеўны была свая вялікая гаспадарка.

 – Трымалі карову, авечак доўгі час, курэй, гусей чароды. Бывала, каторыя ўцякуць, то шукалі і дзеці, яны добра памагалі, усё рабілі.

 Цяпер Вольга Мікалаеўна кожны дзень жыве ўспамінамі, а іх столькі, што можна было б напісаць вялікую кнігу, магчыма, і не адну. Усяго хапіла на яе вяку: з маленства спазнала цяжкае жыццё і пакуты, былі, канечне, і радасці, расчараванні і крыўда. Давялося нават сутыкнуцца са здрадай мужа, з якім пад адным дахам пражылі чвэрць стагоддзя, нарадзілі і выхавалі дзетак, з зайздрасцю паплечніц па рабоце, і шмат чым іншым. Здароўя цяпер ужо няма, але ў хаце і на падворку ў Вольгі Мікалаеўны заўсёды парадак. У жанчыны з мазалёвымі рукамі і дзеці працавітыя. Яны часта наведваюцца да маці ў родную хату, дапамагаюць што зрабіць, агарод пасадзіць і дагледзець.

 Хочацца пажадаць Вользе Мікалаеўне і яе родным моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця і радасці ад кожнага дня, доўгіх гадоў жыцця.

 

Елена

Радкевич


Архив сайта
23
2019
Июль
Что, на ваш взгляд, сильнее всего угрожает вашему здоровью?
2-е европейские игры Декрет №3 Тема недели Декрет №7 Телефоны горячих линий Отдел образования Любанского РИК