Погода:
Курсы валют:
Объявления
Куплю
Радио
Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
«ГОРЯЧАЯ ЛИНИЯ»
(8-017-94) 55-5-62,
SMS-информирование

+375-29-194-77-56

Предложить новость
17 кастрычніка 2018 года
Все сельсоветы
Главная  /  Новости  /  Год малой родины
13 чэрвеня 2018 года, 07:12

Паклон сялу і людзям, што ў ім жывуць

 
 Пад такой назвай прайшло цудоўнае свята ў пасёлку Прыклінцы, што размешчаны на самым ускрайку Любаншчыны, на мяжы з Гомельскай вобласцю. Ладзілі мерапрыемства творчыя, апантаныя музыкай і спевамі працаўнікі калектыву Малагарадзяціцкага СДК сумесна з сельвыканкамам.

Хоць населены пункт сёння налічвае ўсяго 18 двароў і 25 жыхароў, але ж у гэты дзень у Прыклінцы было надзвычай шматлюдна. Прыехалі многія ўраджэнцы, дзеці і ўнукі вяскоўцаў.

 Шмат цёплых, прыемных слоў пачулі мясцовыя жыхары ад вядучых і ганаровага госця Васіля Каткаўца, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама. Старэйшым жыхарам, а таксама заўзятым працаўнікам былі ўручаны падарункі і кветкі. Атрымалі іх і вяскоўкі, якія нарадзілі і выхавалі пяцёра і больш дзетак: Валянціна Бубіч, Кацярына Богач, Алена Шубка, Валянціна Мігун, Вольга Мігун. Музычнае прывітанне маці-гераіням прагучала ад Святланы Астапенка.

 Вядома, што грамадства моцнае тады, калі існуюць дружныя, моцныя сем’і. А калі яны пражылі ў каханні і згодзе доўгае шчаслівае сумеснае жыццё, дык увогуле выклікаюць пачуццё захаплення і павагі. Такія сямейныя пары ёсць і ў Прыклінцы. Гэта: Мікалай і Валянціна Мігуны, Пётр і Валянціна Бубічы, Леанід і Тамара Бубічы, Сяргей і Валянціна Ахрамейкі. У іх адрас прагучалі шчырыя пажаданні ад старшыні сельвыканкама Тамары Талыка, а аднавяскоўцы разам падхапілі: «горка».

 Адзначылі на свяце і майстэрства Вольгі Кісель. Шмат часу яна прысвяціла любімаму занятку – вышыванню. Вынік плёну Вольгі Іларыёнаўны – разнастайныя прыгожыя абрусы, ручнікі і г.д. Некаторыя з іх былі прадстаўлены на мерапрыемстве на імправізаванай выставе. Там жа змяшчаліся і нумары раёнкі, у якіх распавядалася пра мясцовых людзей. Гэта свайго роду сторонкі гісторыі малой радзімы, яе летапісу.

 З  паэтычнымі радкамі выступіў перад прысутнымі актыўны краязнаўца і вялікі патрыёт Анатоль Вялічка. Ён прадэкламаваў верш пра Прыклінец, спецыяльна напісаны да свята.

 Увогуле, кожная песня, кожны выраз, што прагучалі на мерапрыемстве, былі прасякнуты пачуццём любві да малой радзімы. І няхай Прыклінец лічыцца, што называецца, неперспектыўным населеным пунктам, але для тых, хто тут нарадзіўся, жыве цяпер, няма больш мілага месца, дзе б было так утульна і спакойна. Пра гэта сведчылі і лагодныя позіркі вяскоўцаў, якія занатаваў з дапамогай фотакамеры работнік сельскага Дома культуры Міхаіл Камінскі. Здымкі-калажы «Людзі вёскі Прыклінец» ён падрыхтаваў на памяць для ўсіх жыхароў.


 …Трымаю ў руках адзін з іх. На фотаздымку – мае аднавяскоўцы, многія ўжо састарэлыя. Углядаюся ў глыбокія маршчынкі на іх змарнелых ад працы тварах і бачу неверагодную дабрыню, шчырасць. І ганаруся, што расла і спасцігала жыццёвую мудрасць сярод іх, спагадлівых, гасцінных, руплівых маіх землякоў.

 P.S. Ад імя аднавяскоўцаў выказваю падзяку арганізатарам свята ў Прыклінцы, усім нераўнадушным творцам, якія прынялі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства.

Лілія Сініцкая,

ураджэнка п. Прыклінца.

 

Архив сайта
17
2018
Октябрь
Нравится ли Вам новый дизайн нашего сайта?
2-е европейские игры Год малой родины Декрет №3 Тема недели Декрет №7 Телефоны горячих линий Отдел образования Любанского РИК