Погода:
Курсы валют:
Объявления
Куплю-Продам
Радио
Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
«ГОРЯЧАЯ ЛИНИЯ»
(8-017-94) 68-1-29,
SMS-информирование

+375-29-194-77-56

Предложить новость
15 ліпеня 2019 года
Все сельсоветы
Главная  /  Новости  /  Год малой родины
30 чэрвеня 2018 года, 09:19

«Як мы гэта перажылі, не ведаю…»

 
 Сучаснаму пакаленню нават цяжка сабе ўявіць, што менш за стагоддзе назад большасць маленькіх беларускіх вёсак Палесся ў інфармацыйным плане былі ізаляваны ад «вялікай зямлі». Ні табе тэлефонаў, ні тэлебачання, ды і радыё вяшчала далёка не ў кожным селішчы.

 Не было яго ў сорак першым годзе і ў Верачагошчы. Звесткі да шырокіх колаў насельніцтва даходзілі са спазненнем. Страшную навіну пра тое, што фашысцкая Германія без аб’яўлення вайны вераломна напала на Савецкі Саюз, апярэдзіў гул варожых самалётаў, што ляцелі бамбіць буйныя населеныя пункты краіны.

 Цёплымі чэрвеньскімі прыцемкамі вясковая моладзь, а сярод іх і шаснаццацігадовая Ганна Дзмітрыева, сабралася на вячоркі. Як заўсёды, жартавалі, смяяліся, дзяўчаты і хлопцы прыглядаліся адзін да аднаго. Незвычайны шум пачулі не адразу. Муж старэйшай сястры Ганны пайшоў паглядзець, што там робіцца, а калі вярнуўся ў хату, ашаламіў: «Вайна пачалася…» Разыходзіліся з вечарынкі амаль моўчкі, але яшчэ не надта ўсведамлялі, што іх чакае.

 Свой неміласэрны твар вайна паказала даволі хутка. Пасля таго як у родную вёс-ку прыйшлі немцы са сваімі прыхваснямі, паліцаямі, жыцця для вяскоўцаў не стала. Асабліва цяжка прыходзілася маладым дзяўчатам. Каб не спакушаць лёс, сям’я Ганны Іванаўны, якая пасля смерці бацькі складалася з чатырох дачок і маці, сышла ў месцамі забалочаны лес. Разам з іншымі жыхарамі Верачагошча, што пакінулі свае хаты, абуладкаваліся ў зямлянках. Днём стараліся адысці далей і пашукаць якога падножнага корму, а ўвечары сабіраліся разам у часовым прытулку. Так некалькі месяцаў удавалася пазбягаць сустрэчы з немцамі, але аднойчы ўдача адвярнулася ад бежанцаў.

 Група варожых салдат удзень прайшла зусім блізка ад зямлянак. Вяскоўцы схаваліся, як змаглі: хто зашыўся ў мох, хто ў хмызняк ці папаратнік. Сцішыліся. І доўга яшчэ страх не даваў магчымасці варухнуцца. Толькі гадзіны праз дзве, а то і тры вярнуліся ў часовыя хаты і перавялі дыханне: не заўважылі.

 – Увечары наварылі картоплі, селі есці. Сястра выбегла за нечым з зямлянкі, але тут жа вярнулася: «Мамачка, там салдаты ідуць і па-нямецку гавораць», – толькі і паспела папярэдзіць яна. Сэрца страпянулася. У зямлянку тут жа зазірнуў паліцай і пачаў выштурхваць усіх на вуліцу, – успамінае Ганна Іванаўна.

 Выгнаных людзей паставілі ў рад, паўз які ішоў гітлеравец і аглядваў палонных. Вяскоўцаў, што найбольш падыходзілі для работы, адганялі ўбок. У ліку тых, каго адабралі для адпраўкі ў Германію, аказалася сама Ганна Дзмітрыева і ўсе яе сёстры.

 – Малодшай толькі споўнілася чатырнаццаць, крыху старэйшая за мяне была цяжарная, а самая старэйшая ўжо ў вайну нарадзіла. Наша маці засталася стаяць адна з месячным немаўляткам на руках. Ды фашысты ўсё ж старэйшых пашкадавалі, не забралі, – расказвае ветэран. – А мяне і малодшую пагналі на чыгунку. Распіхалі па розных вагонах і павезлі.

 Недалёка ад Асіповіч поезд спыніўся, суседзі, сярод якіх былі амаль адны мужчыны, змаглі адкрыць дверы і кінуліся ўцякаць. Ганна Іванаўна пабегла разам з імі. Ёй пашанцавала, змагла ўкрыцца ад куль, што ляцелі наўздагон, дабрацца да лесу, не заблукала і вярнулася дадому. Ды дачакацца канца вайны ў роднай вёсцы дзяўчыне не далі. Хутка ў селішча наведаўся ўжо савецкі рэкруцёр, які «прапанаваў» былой паланянцы папрацаваць на карысць дзяржавы.

 Спярша гаворка ішла пра абуладкаванне абарончых умацаванняў, але, калі прыбылі на месца прызначэння, працоўны дэсант там аказаўся непатрэбным, і яго накіравалі пад Мурманск – у г. Манчагорск. Амаль тры гады Ганна Дзмітрыева «была занята ў дрэваапрацоўчай прамысловасці». Жанчыны і дзяўчаты звычайнымі двуручнымі піламі валілі лес і праводзілі першапачатковую апрацоўку драўніны.

 – Зразумела, было цяжка. І ўмовы надвор’я большую частку года не спрыялі. Але што ж зробіш, мужчын не хапала, яны былі на фронце, і іх абавязкі ўзялі на сябе мы, – дадае Ганна Іванаўна.

 Калі пасля перамогі вярнулася дадому, даведалася, што малодшую сястру ўгналі ў Германію. Як потым расказвала паланянка, трымалі іх у нечалавечых умовах. Працавалі не пакладаючы рук на заводзе ў кайданах і па шчыкалатку ў ледзяной вадзе, здароўе непаўналетняй дзяўчыны сур’ёзна пацярпела.

 – Як мы ўсё гэта перажылі, не ведаю. Мабыць, за ўсе ахвяры Гасподзь адарыў даўгалеццем, – разважае 93-гадовая ветэран, – каб паглядзелі, што не дарма цярпелі.

 

Светлана

Кривальцевич


Архив сайта
15
2019
Июль
Что, на ваш взгляд, сильнее всего угрожает вашему здоровью?
2-е европейские игры Декрет №3 Тема недели Декрет №7 Телефоны горячих линий Отдел образования Любанского РИК