У прыватнасці, за перамогу паспаборнічалі «Армейцы» (Гімназія №1 г. Любані), «Полымя» (Тальскі ВПК ДС-СШ), «Сокалы Беларусі» (Урэцкая СШ №2), «Сіняе полымя» (Урэцкая СШ №1), «Юная гвардыя» (СШ №3 г. Любані ім. Г.Л. Сячко), «МНС» (Сароцкая СШ), «Тарнада» (дэбютанты, Палічынскі ВПК ДС-СШ). Акрамя таго, у гульні ўзялі ўдзел юныя жыхары нашага расійскага горада-пабраціма Паўлаўскі Пасад (каманда «Беркут») і суседніх раёнаў: навучэнцы СШ №2 г. Салігорска (каманда «Патрыёт») і СШ №13 г. Слуцка («Зара»).
Месца правядзення «Бастыёнаў мужнасці» засталося нязменным – гэта быў лясны масіў ля сцен 969-й базы рэзерву танкаў (БРТ). Дарэчы, асноўная частка спаборніцтваў, а таксама цырымонія адкрыцця і закрыцця гульні прайшлі менавіта на тэрыторыі БРТ. Нотку турызму ў гульню заўсёды дадаюць палявыя ўмовы жыцця: рабяты рыхтавалі ежу на вогнішчы, начавалі ў намётах.
Рознапланавая праграма спаборніцтваў, што называецца, прайшла праверку часам, а таму арганізатары «Бастыёнаў мужнасці» не сталі вынаходзіць веласіпед і пакінулі яе нязменнай. Праўда, па аб’ектыўных прычынах конкурс турысцкага быту правялі па-за залікам – гэта рашэнне наспявала ўжо даўно. Такім чынам, удзельнікам гульні неабходна было задзейнічаць многія свае здольнасці, каб прадэманстраваць: ваенную выпраўку (агляд строю і песні), спартыўную форму (камбінаваная ваенна-спартыўная эстафета, падцягванне на перакладзіне, падыманне тулава, кіданне гранаты на дальнасць, марш-кідок), артыстычныя дадзеныя (літаратурна-музычная праграма, прысвечаная Году малой радзімы), уменне будаваць тактыку бою (лазер-таг) і аказаць першую медыцынскую дапамогу (медпадрыхтоўка), меткасць (стральба з дробнакалібернай вінтоўкі ТОЗ-8), веданне асноў праваславія і гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (духоўна-маральная віктарына, інтэлектуальная гульня на ваенна-гістарычную тэматыку).
У выніку двухдзённых спаборніцтваў тройку мацнейшых «Бастыёнаў мужнасці-2018» замкнула каманда «Сокалы Беларусі». Варта адзначыць, што за гэты радок яна на роўных змагалася з камандай «Сіняе полымя», аднак у фінале ўсё ж перацягнула перавагу на свой бок.
На другім месцы трывала замацавалася каманда «Армейцы». А лідарства ў гульні адразу захапіла каманда «Зара». На яе рахунку шэсць першых месц, тры другія і столькі ж трэціх. Дададзім, летась случчане таксама выйшлі пераможцамі.
Рябцева