Землякі (кожны ў сваёй узроставай групе) спаборнічалі за перамогу ў двух конкурсах: выканаўцаў побытавага танца «Лявоніха» і танцавальнай імправізацыі «Барыня».
Для таго, каб выступіць у першым з іх, кожная пара павінна была ведаць не менш як дваццаць танцаў. Ды любанчане, пэўна, ведаюць і таго больш. Не дзіўна, што яны вытрымалі сур’ёзную канкурэнцыю і аказаліся ў ліку прызёраў. Так, ва ўзроставай групе ад 25 да 50 гадоў пара Максіма і Ксеніі Вяроўкаў заняла трэцяе месца; ва ўзроставай групе ад 50 і больш пара Віктара Гецюка (адзначым, што яму 76 гадоў) і Вольгі Шчарбачэні таксама стала трэцяй. У той жа ўзроставай групе пара Сяргея Гайкевіча і Галіны Новікавай і ўвогуле спынілася ў кроку ад перамогі – заняла другое месца.
Ды любанчане на фестывалі не толькі спаборнічалі ў конкурсах. Яны давалі майстар-клас па танцах, што калісьці выконвалі нашы продкі. У прыватнасці, пазнаёмілі з любанскімі вальсам, лявоніхай, полькай. Акрамя таго, землякам аказалі пачэснае права прыняць удзел у адкрыцці фестывалю.
Настасся КАЛЯДА
.