Рабяты пабывалі ў літоўскім горадзе Клайпеда. Дарэчы, гэта не першы візіт туды. У папярэднія разы юныя любанчане запомніліся сваёй унікальнай манерай выканання народных танцаў, багатым іх рэпертуарам. Вось «Верабеек» і запрасілі на Дні славянскай культуры, што праходзілі там на пачатку лета. Да слова, удзельнічаў у іх і фальклорны ансамбль «Калыханка» з аграгарадка Міханавічы Мінскага раёна. Абодва беларускія калектывы выступалі на семінары «Спадчына маіх продкаў», дзяліліся сваімі набыткамі з мясцовымі педагогамі, якія займаюцца традыцыйнай культурай.
Акрамя таго, нашы рабяты бралі ўдзел у вялікай канцэртнай праграме ў рамках акцыі «Маладзёжная сталіца Еўропы». Прадэманстравалі сваё творчае майстэрства для шматдзетных сем’яў у нядзельнай школе пры Пакрова-Мікольскім храме. Падчас алімпійскага тыдня ў Літве ад імя таварыства беларусаў «Крыніца» прэзентавалі ІІ Еўрапейскія гульні, што зусім хутка адбудуцца ў нашай рэспубліцы.
Юныя любанскія танцоры сустракаліся з ганаровым консулам Беларусі ў Клайпедзе, мэрам горада. Таксама для іх былі арганізаваны экскурсіі ў Літоўскі марскі музей-акварыум, на Куршскую касу.