Погода:
Курсы валют:
Объявления
Куплю-Продам
Радио
Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
«ГОРЯЧАЯ ЛИНИЯ»
(8-017-94) 68-1-29
отдел маркетинга
(8- 017-94)68-1-30,
SMS-информирование

+375-29-194-77-56.

Предложить новость
13 лістапада 2019 года
Все сельсоветы
Главная  /  Новости  /  Культура
11 кастрычніка 2019 года, 11:04

У Жораўку – за хлебам: тут яго выпякаюць па старадаўніх рэцэптах

Напрыканцы бягучага года – у снежні – споўніцца дзесяць гадоў, як у вёсцы Жораўцы па вуліцы Сацыялістычнай мясцовыя работнікі культуры звычайную хату, у якой ніхто не жыў, пераўтварылі ў… пякарню. Сэрца пабудовы – печ. У ёй хлеб па старадаўняй рэцэптуры выпякае Ірына Жудрык. Непаўторныя смакавыя якасці яе кулітак ужо ацанілі мноства гасцей Любаншчыны.




Драўляная шыльда на хаце гаворыць пра тое, што тут размяшчаецца Жораўскі Дом народных традыцый. Сама пабудова стаіць даўно. Успамінаюць, што яе ўзвялі яшчэ да вайны. Пэўны час памяшканне выкарыстоўвалі пад школу. Для таго, каб хата прыняла такі выгляд, як цяпер, трэба было нямала папрацаваць. Напрыклад, цалкам быў перакрыты дах. Замяніць давялося і частку падлогі. Пасадзейнічаў таму дырэктар ААТ «Забалацкі» Міхаіл Вечар. Многія рэчы, якія зараз можна ўбачыць у інтрэ’еры, засталіся ад былых гаспадароў: куфар, лавы, буфет. А вось маляваныя дываны, якія ўпрыгожваюць сцены, перадалі вяскоўцы. Адзін з іх датуецца 1932 годам. Нехта на ім сена насіў у Ляхаўцы. Гэту несправядлівасць выпадкова заўважылі і выправілі.




Загадчыкам Жораўскага Дома народных традыцый з’яўляецца Ірына Жудрык. Да гэтага яна ўзначальвала Ляхаўскі сельскі Дом культуры, які некалькі гадоў таму зачынілі. Яна ж з’яўляецца і кіраўніком аматарскага аб’яднання «Кулітка». Такім словам вяскоўцы называлі бохан. Раней казалі, «ідзі пазыч кулітку хлеба», альбо «от сёння хлеб пякала, восем кулітак выйшла».


Хлеб жанчына выпякае па рацэпце сваёй маці жыхаркі вёскі Кузьмічы Сцепаніды Мікалаеўны Нагорнай.

– Маёй маці зараз ідзе ўжо 88-ы год, аднак амаль кожныя выхадныя яна абавязкова пячэ хлеб, – гаворыць Ірына Міхайлаўна. – Бывае, прашу яе не выпякаць і абяцаю прывезці свайго хлеба. Яна яго з’езць, аднак заўвагу заўсёды зробіць «смачны, але ж…».


– А колькі гадоў Вы ўжо выпякаеце хлеб?

– А колькі на свеце жыву. З самага дзяцінства маці далучыла мяне да гэтай справы. Калі яна мясіла цеста, то мукі ёй падсейвала, то малачка падлівала. Часта было так: маці хлеб у печ пасадзіць і спяшаецца на работу. Мне давала наказ: «Глядзі на стрэлкі гадзінніка, як будуць там і там, выцягнеш хлеб з печы. Ды й сачы, каб не падгарэў». Неяк спраўлялася. Потым, калі я вырасла і паехала з дому, жыла ў гарадской кватэры. Там не было як выпякаць хлеб. Вось тады адчула, што згубіла важную частку свайго жыцця. Увесь час гэты прабел мне хацелася запоўніць. І гэтага дабілася. Я люблю сваю работу, цаню і адношуся да яе з вялікай павагай.


Як расказала Ірына Міхайлаўна, хлеб выпякаецца паўтары гадзіны. Перад тым, як адправіць яго ў печ, жанчына кажа: «Божа, памажы майму хлябочку ўдацца, з печы дастацца». Калі ён лёгкі, падлятае на руках, значыць атрымаўся добрым. Калі цяжкі, значыць, будзе гужавым (ад слова гуж). І.М. Жудрык адзначае, хлеб ніколі не атрымліваецца аднолькавым, хоць грамамі вымярай інгрэдыенты цеста, а ў печ кладзі аднолькавую колькасць паленцаў. Аднак у любым выпадку хлеб доўга не чарсцвее. Тыдзень дакладна, а то і больш.


Штогод у ліпені ў удзельнікаў Пятровіцы майстар-клас па выпечцы хлеба ад Ірыны Жудрык заўсёды выклікае вялікі інтарэс. Кожны жадае далучыцца да гэтай справы. І адносяцца да яе вельмі скурпулёзна, каб на самай справе пераняць вопыт. Наведваюцца ў Жораўку і ўдзельнікі разнастайных семінараў. Апошні вялікі ладзіўся на Любаншчыне 6 верасня (у межах абласнога свята «Слуцкія паясы» – заўв. аўт.). Жанчына загадзя выпекла хлеб, пачаставала ім гасцей. Аднак тыя не спяшаліся, хацелі паспрабаваць і гарачага. Дачакаліся. І няхай яны не ўсё разумелі, пра што казала Ірына Жудрык (бо былі замежныя грамадзяне), аднак хлеб ацанілі словам «вкусно», якое добра ведалі.

– Калі прыязджаюць унукі, пытаюся ў іх: «Чым вас пачаставаць?», – адзначае Ірына Жудрык. – Нічога не трэба, кажуць, толькі хлеба напячы.



Дарья

Рябцева


Архив сайта
13
2019
Ноябрь
Что, на ваш взгляд, сильнее всего угрожает вашему здоровью?
Выборы-2019 2-е европейские игры Декрет №7 Тема недели Декрет №3 Телефоны горячих линий Отдел образования Любанского РИК