Погода:
Курсы валют:
Объявления
Радио
Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
Отдел рекламы и маркетинга
(8-017-94) 68-1-30

Предложить новость
22 студзеня 2022 года
Главная  /  Новости  /  Культура
23 красавіка 2021 года, 08:26

У сельскіх дамах культуры Любаншчыны распрацаваны шматлікія турыстычныя маршруты

Зараз стала модна экскурсіі па славутых аб’ектах дапаўняць майстар-класамі. Напрыклад, падарожнікі з задавальненнем садзяцца за ганчарны круг, б’юць молатам па кавалдзе. І дзеля эмоцый, якія ў гэты час атрымліваюць, едуць за сотні кіламетраў. Аднак у захапленні можна застацца і ад ваяжу па родных – любанскіх, мясцінах.


Наш край таксама багаты на таленавітых майстроў, якія будуць рады падзяліцца з гасцямі сваімі ўменнямі. Многія з іх працуюць у клубных установах. А таму ўсе шляхі вядуць у сельскі дамы культуры, у якіх ужо распрацаваны турыстычныя маршруты.


Напрыклад, у Жораўцы можна ўбачыць працэс прыгатавання хлеба па традыцыйнай рэцэптуры. Ірына Жудрык пакажа, як нашы продкі малолі муку на жорнах, замешвалі цеста, садзілі хлеб у печ. І, вядома, дазволіць наведвальнікам прыкласці руку да гэтых працэсаў. А пакуль боханы будуць выпякацца, прапануе паўдзельнічаць у гульнёвай праграме. Калі хлеб дастануць з печы, яго можна будзе паспытаць.


У Пластокскім сельскім клубе-бібліятэцы распрацаваны турмаршрут «Бабуліны гасціны». Загадчык Соф’я Каток прапануе гасцям прайсці ў гульнёвы пакой, дзе правядзе для дзяцей забаўляльную праграму. У аромапакоі раскажа, якія зёлкі збіралі нашы продккі і для чаго. Спецыяльныя зборы траў, калі ўзнікне жаданне, можна будзе набыць. А фіналам мерапрыества стане чаяванне. Гаспадыня пачастуе гасцей вясковым печывам і напоіць гарбатай.


У Камуне можна затрымацца надоўга. Напрыклад, спачатку адправіцца ў падарожжа па населеным пункце, падчас якога даведацца пра гісторыю яго заснавання. А далей у мясцовым доме культуры паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе традыцыйнай лялькі (падаржніцы, траўніцы, абярэгавай, на дабро і іншых), павучыцца працаваць на кроснах (пад кіраўніцтвам народнага майстра Ірыны Яскевіч), плесці лапці. Яшчэ наведвальнікам прапануюць згуляць у гарадкі, лапту. Можа быць і так, што мужчыны пойдуць у трэнажорную залу, а дзяўчаты – ткаць, потым аб’яднаюцца ў карчме, каб выпіць гарбаты з мёдам. А яшчэ можна сплавіцца па Арэсе на маторнай лодцы ці паспрабаваць стаць на сапборд.


Работнікі Кузьміцкага СДК запросяць гасцей на вясковы пікнік, пасля (альбо у час яго) народны майстар Беларусі Раіса Валькова правядзе майстар-клас па вырабе кветак з паперы для аздаблення вясельнага вянка. Яшчэ адна цікавая ініцыятыва – сабраць у лузе травы і зрабіць з іх аромалялькі.


У Таль можна ехаць «на лазу». Там правядуць майстар-клас па яе нарыхтоўцы, варцы і ашкурванні. Пасля можна будзе ўласнаручна вырабіць які-небудзь сувенір з кары. Дарэчы, аказваецца, лазу нельга нарыхтоўваць толькі некалькі тыдняў улетку, а ўвесь астатні час – можна.


Яшчэ адзін народны майстар Беларусі – Марына Вакульчык – загадвае Дарасінскім сельскім домам культуры. Яна можа раскрыць сакрэты аздаблення велікодных яек у тэхніках «шкрабанка» і «пісанка».


І гэта толькі верхавіна айсберга. Такіх маршрутаў мноства. І яны абсалютна розныя па напаўненні. Дарэчы, «турпаслуга» падарожнікам будзе каштаваць сімвалічна. Галоўная мэта арганізацыі такіх ваяжаў – не зарабіць грошы. Гэта ўсё робіцца дзеля таго, каб сельскія дамы культуры і далей заставаліся запатрабаванымі ў наведвальнікаў.

Архив сайта
22
2022
Январь
Что, на ваш взгляд, сильнее всего угрожает вашему здоровью?
Навстречу референдуму Биометрические документы Республики Беларусь Декрет №7 Декрет №3 Отдел образования Любанского РИК Телефоны горячих линий