Погода:
Курсы валют:
Объявления
Радио
Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
«ГОРЯЧАЯ ЛИНИЯ»
(8-017-94) 68-1-29
отдел маркетинга
(8- 017-94)68-1-30,
SMS-информирование

+375-29-194-77-56.

Предложить новость
5 сакавіка 2021 года
Все сельсоветы
Главная  /  Новости  /  Культура
18 студзеня 2021 года, 12:23

У Любанскай дзіцячай школе мастацтваў дзейнічае выстава работ Васіля Бурава

Дарэчы, ужо неўпершыню. Да гэтага двойчы прадстаўляў Васіль Фёдаравіч свае карціны ў нашым раёне. І, як прызнаўся мастак, кожны раз з асаблівым пачуццём.

А ўсё таму, што частка жыцця яго прайшла менавіта на Любаншчыне. Бацьку накіравалі на працу галоўным заатэхнікам у саўгас «Гарадзяцічы», і сям’я пераехала сюды. Васілю на той час споўнілася шэсць гадкоў. І тут прайшло яго дзяцінства. Першыя поспехі, першае каханне, першыя душэўныя перажыванні – усё гэта было ў  Малых Гарадзяцічах. З імі ў Васіля Фёдаравіча звязаны ўсе самыя лепшыя ўспаміны юнацтва. Напэўна, таму і мясцовасць гэту лічыць сваёй малой радзімай.

Тут у яго і выявілася схільнасць да малявання. Афармляў насценную газету, рыхтаваў малюнкі для розных творчых конкурсаў. Атрымліваў асалоду ад такой дзейнасці.

Але ўспрымаў яе толькі як занятак для вольнага часу і ніяк не прафесійны. Пасля заканчэння Малагарадзячыцкай школы адслужыў у арміі ў Закаўказскай ваеннай акрузе. Потым уладкаваўся на сталічны станкабудаўнічы завод. Неўзабаве сустрэў сваю адзіную. З ёй і пераехаў у Маладзечна, дзе жыве і зараз. Больш за чвэрць стагоддзя рабіў на заводзе парашковай металургіі, маляром ва ўпраўленні буравых работ ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь». Ужо ў сталым узросце Васіль Бураў саспеў для таго, каб паступіць у вну. Свой выбар спыніў на аддзяленні станковага жывапісу і графікі Маскоўскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. «Атрымаў не толькі адукацыю, а і нейкую ўпэўненасць, узбагаціўся духоўна», – зазначыў Васіль Фёдаравіч.

Да слова, апошнія тры гады ён ужо не працуе. Займаецца з унучкамі, абуладкоўвае бацькоўскі дом на Вілейшчыне.  А астатні час прысвячае творчасці. «Найвальнейшы мастак» – так называе сябе Васіль Бураў. Ён малюе алейнымі фарбамі для душы. І карціны з’яўляюцца яе адгалоскамі.

Іх, дарэчы, на рахунку творцы звыш 700. Некаторыя набыты аматарамі жывапісу, у тым ліку і замежнымі, для прыватных калекцый. Сем работ Васіль Фёдаравіч падарыў  Любанскаму музею народнай славы. На адной з іх – наш зямляк Анатоль Шагаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, арганізатар і кіраўнік шматлікіх харавых калектываў.

«А ўвогуле тэматыка карцін Бурава разнастайная,  – распавёў падчас адкрыцця яго персанальнай выставы ў ДШМ, да слова, 46-й па ліку, загадчык тэатральнага аддзялення Васіль Каткавец. – Раней у асноўным маляваў пейзажы, партрэты, бытавыя сюжэты. Цяпер аддае перавагу філасофскаму накірунку, адлюстроўвае фантастычныя і сюрэалістычныя вобразы. Гэта яго асмысленне рэчаіснасці, унутраныя перажыванні і г.д. Разглядваючы іх, кожны ўяўляе для сябе нешта сваё. Работы выклікаюць жывы інтарэс, прыцягваюць яркімі насычанымі фарбамі, а таксама неардынарнасцю, прымушаюць думаць, разважаць».

На чарговую выставу Васіль Фёдаравіч прадставіў звыш 40 карцін. І расказаў прысутным навучэнцам і педагогам пра сюжэт кожнай, гісторыю напісання. Цікава, што на стварэнне некаторых натхнілі ўспаміны пра гады жыцця на Любаншчыне.  Напрыклад, гераіняй «Збаўлення ад хвароб» стала мясцовая знахарка. У яго дзяцінстве тая жанчына замаўляла хлеб і ваду ад немачы, лячыла малых вяскоўцаў ад спалоху ды заікання. Работа «Баб’е лета» з’явілася пасля таго, як Бураў пабываў на 30-гадовай сустрэчы выпускнікоў. Так сталася, што пасля заканчэння школы ён болей не прыязджаў у Гарадзяцічы, не бачыўся з аднакласнікамі. Але, калі завітаў на мерапрыемства, практычна ўсіх адразу пазнаў. За выключэннем адной жанчыны. Вось яе, вярнуўшыся дамоў, і намаляваў. Праўда своеасабліва: палова твару напоўнена маладосцю, а на другой відаць адбітак часу. Некаторыя з маляўнічых пейзажаў таксама навеяны памяццю. Яны кранаюць сэрца.

Пра сваю творчасць самадзейны мастак гаварыў і на майстар-класе з навучэнцамі мастацкага аддзялення. Падзяліўся з імі некаторымі сакрэтамі, даў рэкамендацыі, як выбіраць фарбы і інш. А таксама адказаў на пытанні рабят і пажадаў юным творцам руплівасці, натхнення, мэтанакіраванасці.

P.S. Наведаць выставу работ Васіля Бурава ў школе мастацтваў могуць усе жадаючыя. Працаваць яна будзе да канца студзеня.

Архив сайта
5
2021
Март
Что, на ваш взгляд, сильнее всего угрожает вашему здоровью?
VI Всебелорусское народное собрание Год народного единства Биометрические документы Республики Беларусь Декрет №7 Декрет №3 Отдел образования Любанского РИК Телефоны горячих линий