Размясціліся госці ў Шыпілавічах на лецішчы сям’і Кухарэнкаў. Сёлета іх прыехала шэсцьдзясят, многія разам з дзецьмі. Гэта былі жыхары Мінска, Гродна, Гомеля, Іванава, Магілёва, Бабруйска, Крупак, Масквы і іншых гарадоў.
У Жораўцы ўдзельнікі «Пятровіцы» пазнаёміліся з гуртамі «Баярачка» і «Павалякі». Апошні выканаў жніўныя песні. Разам з аматарскім аб’яднаннем «Кулітка» (кіраўнік Ірына Жудрык) госці выпякалі хлеб у печы па старадаўніх рэцэптах. Там жа яны паспыталі і хатняе піва, рэцэпт якога ад беларусаў-самаходаў адрадзіў Васіль Прымака. А вечарам адбыліся танцы ля керасінкі.
У Шыпілавічах таксама госці прынялі ўдзел у разнастайных майстар-класах. Так, дзяўчаты паспрабавалі сярпамі жаць збажыну. А вось як касіць траву звычайнай касой, мужчынам паказалі Васіль Прымака і Мікалай Хведанцэвіч (зяці сям’і Кухарэнкаў). Рэзалі выцінанку пад кіраўніцтвам народных майстроў Беларусі з Маладзечна Вольгі Байбурынай і Наталлі Чырвонцавай. Традыцыйным спевам жанчын вучыла Вольга Емяльянчык, а мужчын – Уладзімір Ціханоўскі.
Завяршыўся фэст 12 ліпеня рэканструкцыяй свята «Пятрок». Першая яго частка адбылася раніцай: зладзілі малебен ля крыжа, кірмашовы канцэрт. У апошнім прынялі ўдзел калектывы «Шчодрык», «ЧуткІ», Уладзімір Ціханоўскі з дочкамі Ганнай і Ілонай, спявачкі Кацярына Дастанка і Марыя Насановіч. Было на што падзівіцца і на сапраўдным кірмашы, дзе выстаўлялі свае вырабы работнікі разнастайных дамоў культуры Любаншчыны, многія з якіх з’яўляюцца народнымі майстрамі Беларусі.
Другая частка адбылася вечарам. Як заўжды, хадзілі з карагодамі па вёсцы, палілі вогнішча каля клуба, праводзілі абрады «Замова на соль», «Грамадская юшка», «Ініцыяцыя дзевак», «Спальванне шапак», «Кумленне». І, вядома, ізноў танцавалі. Дарэчы, удзельнікі «Пятровіцы» выказваюць падзяку раённаму кіраўніцтву, якое паспрыяла таму, каб на пляцоўцы каля Шыпілавіцкага Дома культуры паклалі новы асфальт. Танцаваць на ім было вельмі зручна.
Што датычыць надвор’я, якое магло замінаць у правядзенні шэрагу мерапрыемстваў, то сёлета яно не надта капрызіла. Дождж быў, ды дазіраваны. Ён дазволіў правесці ўсё свята, а потым пайшоў. Аднак гэта, напэўна, як прынята лічыць на вяселлі, добрая прыкмета.
Настасся КАЛЯДА.
Фота Альфрэда МІКУСА.