Як расказаў загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Любанскага раённага Цэнтра культуры Сяргей Выскварка, Падляшша – гэта сапраўды ўнікальны рэгіён. Так сталася, што мясцовыя жыхары ведаюць ажно шэсць моваў. Акрамя польскай ды яшчэ дзвюх замежных, якія абавязкова вывучаюцца ў школах, тут вывучаюць беларускую мову і літаратуру (у некаторых навучальных установах Бельска ў якасці дадаткова прадмета, а ў мясцовым Беларускім ліцэі імя Браніслава Тарашкевіча гэта абавязковы прадмет). Большасць мясцовых беларусаў – праваслаўныя, і дзякуючы царкве тут ведаюць таксама рускую мову. І апошняя – мясцовая гаворка, падляшская мова, на якой, дарэчы, размаўляюць на Брэшчыне і Гродзеншчыне.
Жніўныя Сустэры былі прысвечаны святу зажынак – у кожнай вёсцы абрад пачатку жніва мае свае асаблівыя адметнасці. На працягу пяці дзён, што доўжыўся фэст, обчынскія бабулі прынялі ўдзел у шасці такіх абрадах, а таксама ў заключным вялікім канцэрце. Дарэчы, некаторыя жніўныя песні, якія спявалі любанчанкі, таксама ў сваім родзе ўнікальныя – яны мясцовыя, обчынскія. Спявалі любанчанкі разам з мясцовымі калектывамі – студыяй беларускага фальклору “Жэмерва” і хорам беларускай песні “Васілёчкі”, а таксама групай моладзі з горада Гданьска, захопленай беларускім фальклорам.
Для “Павалякаў” жніўныя Сустрэчы сталі цудоўная вандроўкай па вёсках Падляшша. Паўсюль удзельнікаў фэсту сустракалі добразычліва і гасцінна, з накрытымі сталамі, а само мерапрыемства адбывалася спакойна, па-свойску, быццам у дамашняй абстаноўцы. Падчас сваёй вандроўкі обчынцы наведалі выбітныя святыя мясціны Бельска-Падляшскага – Гару Крыжоў у в. Грабарка, Дзмітрыеўскі манастыр у в. Сакі.
Па вынікаў Сустрэч будзе створаны дыск з усімі песнямі, што тут прагучалі. Такім чынам, аўтэнтычныя спевы обчынскіх артыстак папоўняць фальклорную скарбонку беларусаў Падляшша.
Дашкевич