У 1997 годзе ў Берліне адбылася знакавая падзея, якая ўвайшла ў гісторыю як «Доўгая ноч музеяў». Адміністрацыя горада прыняла рашэнне ў пэўны дзень пускаць наведвальнікаў музеяў ва ўстановы бясплатна, а экскурсіі праводзіць на працягу ўсёй ночы. Ідэю хутка падхапілі, і вось ужо ў 2001 годзе ў міжнароднай акцыі прыняло ўдзел 39 краін Еўропы і Амерыкі.
Любанскі музей не застаўся ўбаку і, калі акцыя дабралася да Беларусі,
адным з першых у краіне правёў «Ноч музеяў». Было гэта ў 2009 годзе. Такім
чынам, заўтра вечарам ужо адзінаццаты год запар мясцовыя аматары актыўнага
культурнага правядзення часу збяруцца разам, каб адправіцца ў імправізаванае
гістарычнае падарожжа.
За гады
ўдзелу ў міжнароднай акцыі любанчанам даводзілася выбіраць дэпутатаў на сойм
Рэчы Паспалітай, шукаць скарб шведскага караля Карла ХІІ, танчыць на бале
лошыцкага пана Яўстафія Любанскага, удзельнічаць у алімпійскіх гульнях Антычнай
Грэцыі…
Гэтым разам
наведвальнікам мерапрыемства пад назвай «Замалёўкі на шляхецкі лад» прапануюць
здзейсніць падарожжа па вядомых маёнтках беларускай шляхты. Гледачы змогуць
даведацца, якую ролю ў гісторыі і культуры нашай краіны сыгралі Тышкевічы,
Радзівілы, Сапегі, Храптовічы і Агінскія. На тэму гэтага вечара работнікаў
музея натхнілі работы нашага земляка Паўла Шпілеўскага, які шмат падарожнічаў
па Беларусі. Напрыканцы вандроўкі прысутныя вернуцца ў родную Любань і
пазнаёмяцца з жыхарамі мястэчка XVIII-XIX стст.
Традыцыйна
ў музеі будзе працаваць імправізаваная карчма, дзе жадаючыя змогуць
падсілкавацца. Расплаціцца ў карчме можна спецыяльнымі манетамі, якія будуць
даваць за актыўны ўдзел у конкурсах (аднак шынкар будзе прымаць і сучасныя
беларускія грошы). Дарэчы, бонусы атрымаюць тыя наведвальнікі мерапрыемства,
якія завітаюць у музей з жывым пакаёвым сабакам альбо прынясуць (і пасля
прадставяць) традыцыйную страву нацыянальнай беларускай кухні.