“Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!” – такі дэвіз конкурсу “Жывая класіка”, які штогод праводзіцца ў нашай краіне, каб павышаць цікавасць дзяцей і падлеткаў да чытання, пашыраць іх кругагляд, выхоўваць падрастаючае пакаленне на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры і г.д.
У пачатку мая ва ўстановах адукацыі раёна прайшоў школьны
этап творчага саперніцтва. Па выніках яго вызначаны лепшыя юныя дэкламатары –
пяцьдзясят вучняў з першага па дзясяты класы. Яны і прынялі ўдзел ў нядаўнім
раённым конкурсе, што ладзіўся на базе Сароцкай СШ.
Дзяўчынкі і хлопчыкі, улюбёныя ў творчасць айчынных
аўтараў, прыгожа – эмацыянальна, пранікнёна, выразна – чыталі вершы, урыўкі
прозы, у якіх усхвалялі родны край, яго маляўнічыя краявіды, мінулае і
сучаснасць. Рабяты імкнуліся не толькі перадаць сэнс твораў, закладзены паэтам
альбо пісьменнікам, а і стварыць свой уласны непаўторны вобраз.
Вядома, удзельнікі хваляваліся, але іх шчыра
падтрымлівалі педагогі і юныя артысты Сароцкай школы. А члены журы выказалі
падзяку за грунтоўную падрыхтоўку і любоў да беларускай літаратуры, адзначылі
найбольш яскравыя выступленні. Чатырнаццаць чытальнікаў прызнаны пераможцамі ў
розных узроставых катэгорыях; яны атрымалі ўзнагароды ад ўпраўлення па
адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.
Уладальнікі Дыпломаў І ступені – Анастасія Шаплыка (3 клас Сароцкай СШ), Ілья Кузьміч (6 клас Рачэнскай СШ), Вікторыя Дудзік (5 клас Кузьміцкага ВПК ДС-СШ), Аліна Крайнік (7 клас Палічынскага ВПК ДС-СШ), Вікторыя Бегунец (10 клас СШ №1 г.Любані) – прадэманструюць сваё дэкламатарскае майстэрства на абласным этапе конкурсу “Жывая класіка”. Жадаем ім поспехаў.