Менавіта так называлася мерапрыемства, што ладзілася супрацоўнікамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і раённай бібліятэкі 21 лютага, у сусветны Дзень роднай мовы, у дзіцячай школе мастацтваў.
Гэта дата – нагода яшчэ раз задумацца пра лёс матчынай мовы, паказаць, наколькі важна валодаць гэтым бясцэнным багаццем. Прыемна, што конкурс-віктарына, які традыцыйна праводзіцца сярод вучняў старэйшых класаў агульнаадукацыйных школ, збірае ўсё большую колькасць аматараў беларускага слова. У гэтым годзе ў гульні ўдзельнічала 12 каманд (у мінулым 6).
На пачатку мерапрыемства да рабят звярнуўся Васіль Каткавец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, які падкрэсліў самавітасць, багацце, прыгажосць роднай мовы – мовы Купалы, Коласа, Багдановіча. Таму трэба не саромецца размаўляць на ёй, а ганарыцца гэтым скарбам, як рабілі слаўныя сыны Радзімы.
Конкурс праходзіў у два этапы. На першым усім камандам былі прапанаваны аднолькавыя заданні, на якія адводзілася 15 хвілін. У другі этап выйшлі 6, што набралі большую колькасць балаў. Гэта «Пралескі» (СШ №1 г. Любані), «Несцерка» (Гімназія №1 г. Любані), «Асавінкі» (Асавецкі ВПК ДС-СШ), «Валошкі» (Загальскі ВПК ДС-СШ), «Берагіня» (Атрад-наўская СШ), «Сябры» (Стараюрковіцкі ВПК ДС-СШ).
На другім этапе вядучая Алена Булдык, загадчыца аддзела інфармацыі і абслугоўвання РЦБ, прапанавала сем конкурсаў. Каманды традыцыйна разгадвалі загадкі, перакладалі словы, словазлучэнні, сказы, тлумачылі сэнс беларускіх слоў (дарэчы, былі сярод іх складаныя, напрыклад, сандрык, маністы, дылёўка, сціжма). Рабяты дэманстравалі свае ўменні ўжываць фразеалагізмы, прыказкі, веданне беларускай паэзіі (трэба было па ўрыўку назваць верш і яго аўтара). Калі ўдзельнікі не спраўляліся, ім на дапамогу прыходзілі балельшчыкі.За правільнасцю адказаў сачыла кампетэнтнае журы на чале з Наталляй Рабай, галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Па выніках конкурсаў пераможцамі сталі каманды: «Пралескі» (III месца) (на здымку), «Берагіня» (II месца),«Несцерка» (I месца), якія былі ўзнагароджаны граматамі і грашовымі падарункамі, астатнія атрымалі памятныя сувеніры. Але галоўнае, што вучні пранікліся любоўю да роднага слова, зразумелі, што няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. Хочацца спадзявацца, што юнакі і дзяўчаты пранясуць гэтыя пачуцці па жыцці, бо мова – гэта тое, што нас аб’ядноўвае.
Березовская