Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
«ГОРЯЧАЯ ЛИНИЯ»
(8-017-94) 68-1-29
отдел маркетинга
(8- 017-94)68-1-30,
SMS-информирование

+375-29-194-77-56.

Предложить новость
14 ліпеня 2020 года
Все сельсоветы
Главная  /  Новости  /  Культура
31 кастрычніка 2019 года, 06:29

Фэст аўтэнтычнай песні «Бабулі» ў пяты раз прайшоў на Любаншчыне

Ідэя мерапрыемства, як і многіх іншых цікавых фальклорных з’яў на Любаншчыне, належыць няўрымсліваму даследчыку традыцыйнай народнай культуры Сяргею Выскварку. Фэст задуманы ў мэтах захавання традыцыйнай манеры выканання абрадавых і пазаабрадавых спеваў. Аб’ектам захавання дадзенай манеры з 2008 года з’яўляюцца аўтэнтычныя гурты з вёсак Ямінск («Журавушка»), Обчын («Павалякі») і Закальное («Глыбокія крыніцы»).




Фэст кожны год ладзіцца ў новай кропцы раёна, на радзіме таго ці іншага гурта. Першы адбыўся ў вёсцы Закальное, другі – у в. Дарасіно, трэці – у в. Кузьмічы, чацвёрты – у а/г Рачэнь, юбілейны – у горадзе Любані.


Праграма фэсту была насычаная. Так, працавала выстава старых вясельных фотаздымкаў і вясельнай атрыбутыкі. У прыватнасці, вясельных вянкоў, якія стварыла народны майстар Беларусі Раіса Валькова з вёскі Кузьмічы. Усе работы рэканструяваны па старых фотаздымках, зараз майстар працуе над калекцыяй вянкоў з усіх вёсак Любаншчыны.




Дзейнічала фотавыстава «Любаншчына традыцыйная» фотамастака Альфрэда Мікуса. Носьбіты мастацкіх традыцый, народныя святы, традыцыйныя стравы, культавыя месцы, пейзажы Любаншчыны сталі натхненнем для мастака. Фотавыставе папярэднічала выданне фотаальбома пад той жа назвай,над якім працавала адмысловая каманда любанчан: Сяргей Выскварка, Анастасія Кухарэнка, Святлана Курс.


На сцэне Любанскага раённага Цэнтра культуры адбыўся канцэрт-з’езд фальклорных гуртоў Любаншчыны. Спевакі і гурты змянялі адзін аднаго, дзяліліся сваімі спеўнымі скарбамі. Кожная песня, як аскепак старажытнай культуры продкаў, залацінка сучаснага мастацтва і побыту.




Усе гурты абавязкова выканалі мясцовую вясельную песню. Уражвала непаўторнае гучанне галасоў спявачак з в. Пласток, невычэрпны рэпертуар гурта з в. Закальное, асаблівая манера спеваў жыхарак в. Камуны, зліццё і сугучча галасоў ямінскіх спявачак, зычнае гукавядзенне гурта «Шчодрык» з а/г Рачэнь, стрыманая непаўторная манера выканання обчынскіх спявачак. Да слёз праймалі спевы Кацярыны Дастанкі з в. Шыпілавічы, Любові Друк і Тамары Піскун з а/г Сосны. Асабліва ж гучалі спевы ў выкананні непаўторнай Марыі Насановіч з в. Палічын, зала ўставала, каб вітаць бабулю гучна і ганарова.


Аздаблялі святочную сцэну фотаздымкі работ аўтэнтычнага майстра выцінанкі, народнага майстра Беларусі Наталлі Адзінец з а/г Рачэнь. Яна і сама спявала на сцэне ў той дзень.


Танцавальныя фальклорныя гурты вынеслі на сцэну лявоніху, каханачку, ліцвіна, польку, кракавяк… Зайздросна было назіраць за маленькімі ўдзельнікамі ўзорнага фальклорнага гурта «Верабейкі», моладдзю гурта «Расіца» (а/г Сарачы) і рознаўзроставымі танцорамі ад 30 да 85 гадоў любанскага гурта «Напарачка».


Шчымлівым момантам стала прэзентацыя відэакліпа на песню «Як пайду я дарогаю» ў выкананні мінскага маладзёжнага гурта «Астроуна». На сцэне паралельна з кліпам гучаў голас 85-гадовай Вольгі Дастанкі з в. Обчын і кіраўніка гурта «Астроуна» Кацярыны Аракчэевай. Бабуля зазначыла: «Хораша, хораша дзевачкі спелі, так хораша, што і дух займае».


Адметнай з’явай стала прэзентацыя аўдыёдыска «Бяседныя песні», які пры падтрымцы Акадэміі навук выдала творчая каманда «Традыцыя» і Сяргей Доўгушаў. У дыск сярод 34 кампазіцый з усёй Беларусі ўвайшлі тры песні любанскіх спявачак: «У цёмным лузе» (в. Ямінск) – спявачкі прэзентавалі песню са сцэны, «Ой вы, столікі мае» ў выкананні, на жаль, нябожчыц сясцёр Раісы Слівец і Вольгі Цішкі (а/г Малыя Гарадзяцічы) і «Церабі мне дарогу» (а/г Сосны). Апошняя гучала ў запісе як фінальны акорд канцэрта.




Завяршыўся дзень танцамі пад гармонік на ганку Любанскага РЦК. У танцы пайшлі ўсе, ад мала да вяліка, і нават гледачы.


Фота Альфрэда МІКУСА.

Архив сайта
14
2020
Июль
Что, на ваш взгляд, сильнее всего угрожает вашему здоровью?
Выборы 2020 З гонарам у сэрцы Тема недели Декрет №7 Декрет №3 Отдел образования Любанского РИК Телефоны горячих линий