Дарэчы, на гэты фестываль любанчане завіталі другі раз – некалькі гадоў таму ўдзел у ім прыняў аўтэнтычны фальклорны ансамбль «Журавушка» Ямінскага СДК. У гэты раз гасцямі дзеі сталі «Чуткі» з Камуны (мастацкі кіраўнік Алена Кур’ян). Калектыў створаны ў 2003 годзе, запісы старэйшых яго ўдзельніц захоўваюцца ў фанатэцы Беларускага радыё. Сёлетні састаў калектыву – маладыя ды жвавыя жанчыны, па-сапраўднаму ўлюбёныя ў народныя спевы. У іх рэпертуары – лірычныя, любоўныя, баладныя ды жартоўныя песні. Асобна трэба адзначыць Марыю Насановіч з Палічына. 83-гадовая Марыя Гаўрылаўна – сапраўдны ветэран фальклорнага войска Любаншчыны. Яна з’яўляецца адзіным вядомым у свеце прадстаўніком спеўнага палескага стылю «лугавыя спевы». Пасля ўдзелу Марыі Гаўрылаўны ў тэлеперадачы «Наперад у мінулае» яе песня – вядома, у значнай музычнай апрацоўцы – з’явілася ў рэпертуары вядомай спявачкі Гюнэш.
Фестываль доўжыўся тры дні, і за гэты час любанчанкі трапілі на святочныя гулянні, танцавальныя вячоркі ды мноства канцэртаў. Паўсюль спявачак сустракалі вельмі цёпла, выступалі яны з вялікім поспехам, а адметны спеўны стыль Марыі Насановіч проста зачараваў гледачоў.
У межах фэсту адбыўся круг-лы стол, прысвечаны славянскай традыцыйнай культуры ў сучасным свеце; працавалі творчыя лабараторыі калектываў-удзельнікаў. Падчас майстар-класаў сваімі ўменнямі падзяліліся з прысутнымі Сяргей Выскварка і Ірына Яскевіч – дырэктар Камунараўскага СДК. Сяргей Георгіевіч азнаёміў з традыцыйнымі танцамі нашай мясцовасці, а Ірына Васільеўна паказала сваё майстэрства па пляценні паясоў і вырабе кужэльнай лялькі.
У апошні дзень «Славянский Дом» аб’яднаўся з Х Міжнародным фестывалем народнага мастацтва «Славянское подворье-2018». Такім чынам, па выніках сустрэч фальклорны калектыў «Чуткі» стаў лаўрэатам адразу дзвюх гэтых дзеяў. Асобна Дыпломы атрымалі Марыя Насановіч і Соф’я Каток, Падзячнымі лістамі адзначаны Сяргей Выскварка і Ірына Яскевіч.
Чарговае мерапрыемства з удзелам нашых землякоў завяршылася, аднак не трэба сумнявацца ў тым, што творчых сустрэч будзе яшчэ нямала. Так, у пачатку лістапада на Любаншчыне плануецца правесці «Фальклорную вандроўку» – свята фальклорнага мастацтва, прысвечанае 195-гадоваму юбілею нашага земляка, этнографа Паўла Шпілеўскага.
Фота Сяргея ВЫСКВАРКІ.
Дашкевич