+375-29-194-77-56.
27 студзеня 1942 г. у газеце «Праўда» быў надрукаваны артыкул «Таня» ваеннага карэспандэнта Відава. У ім распавядалася пра тое, што ў першыя дні снежня 1941 г. у сяле Пятрышчава фашысты пасля доўгіх жорсткіх катаванняў (білі папругай, падносілі гарачыя запалкі да твару, пілой праводзілі па спіне, распранутай у марозную ноч, прыставіўшы штык вінтоўкі, ганялі басанож па снезе) пазбавілі жыцця патрыётку – камсамолку, якая назвала ворагу сваё імя – Таня (гэта імя Зоя сказала фашыстам у памяць пра Таццяну Саламаха, настаўніцу, якая 7 лістапада 1918 года была на Кубані засечана казакамі-белагвардзейцамі), а на ўсе пытанні дала адмоўныя адказы.
А ўжо 29 студзеня 1942 г. у в. Нежын пасля здзекаў у паліцэйскім участку басанож па роднай вёсцы ворагі вялі маладога педагога Феню Конанаву да любімай ракі Арэсы. Дзяўчыну апускалі ў ледзяную ваду палонкі і дапытваліся пра сяброў-партызанаў. Яна ўпарта маўчала. Толькі з апошніх сіл прамовіла сваё пажаданне, каб таварышы нішчылі фашыстаў, помсцілі за яе смерць.
1 верасня 1942 г. Феня Конанава пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Леніна. Крыху раней быў выдадзены Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні Зоі Касмадзям’янскай звання Героя Савецкага Саюза.
…Мінаюць гады. А светлая памяць пра слаўных дачок нашай Бацькаўшчыны будзе жыць у сэрцах людзей.
Анатоль Вялічка,
в. Дварэц.