Погода:
Курсы валют:
Объявления
Куплю
Радио
Масава-палiтычная газета Любанскага райвыканкама i райсавета дэпутатаў
«ГОРЯЧАЯ ЛИНИЯ»
(8-017-94) 68-1-29,
SMS-информирование

+375-29-194-77-56

Предложить новость
16 чэрвеня 2019 года
Все сельсоветы
Главная  /  Новости  /  Калейдоскоп
9 студзеня 2019 года, 13:38

Вынікі конкурса “Наш Любанскі край дарагі…”

 
Супрацоўнікі раёнкі заўжды рады бачыць у ліку сваіх пазаштатных аўтараў творчых і таленавітых асоб. І адной з мэтаў конкурсаў, якія праводзяцца рэдакцыяй нашай газеты, з’яўляецца вынаходніцтва таленавітых любанчан, раскрыццё іх творчага патэнцыялу.

Шмат талентаў адкрыў для наш апошні творчы конкурс “Наш Любанскі край дарагі…”, які праводзіўся ДУ “Рэдакцыя газеты “Голас Любаншчыны” і праграмы радыёперадачы “На хвалях Арэсы” з мая па снежань мінулага года.

Конкурсныя работы прымаліся ў двух намінацыях: “Край мой родны, край прыгожы”, дзе ўдзельнікі дасылалі свае празаічныя і паэтычныя творы, і “Палітра радзімы маёй”, дзе да разгляду прымаліся малюнкі і фотаздымкі. Аўтары найлепшых работ павінны былі вызначацца ў кожнай намінацыі ў трох узроставых катэгорыях: ад 6-ці да 10-ці, ад 11-ці да 17-ці і ад 18-ці гадоў.

Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 24 жыхара нашага раёна – некаторыя адразу ў некалькіх намінацыях, а “журылі” канкурсантаў супрацоўнікі нашай газеты – большасць з журналісцкай ці філалагічнай адукацыяй.

На жаль, мы не атрымалі ніводнага празаічнага ці паэтычнага твора ад рабят ва ўзросце да 10-ці гадоў, і толькі вучаніца 2 класа Гімназіі №1 г. Любані Аглая Мігун даслала на конкурс некалькі сваіх фотаздымкаў. У выніку ў абедзьвюх намінацыях у малодшай узроставай катэгорыі пераможцаў было вырашана не вызначаць у сувязі з адсутнасцю неабходнай колькасці конкурсных матэрыялаў, а дзяўчынка атрымала дыплом і заахвочвальную грашовую прэмію за актыўны ўдзел у конкурсе.

Хаця мы атрымалі шмат розных яскравых фотаздымкаў з прыгожымі мясцінамі нашага раёна, вызначыць пераможцаў у намінацыі “Палітра радзімы маёй” было не надта складана. У сярэдняй узроставай катэгорыі ім стаў навучэнец 2 курса Любанскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Аляксей Іваноў – юнак даслаў на конкурс усяго адзін фотаздымак “Закат в поле” (апублікаваны ў “ГЛ”№66 ад 26 кастрычніка), і большасцю галасоў членаў журы гэта фота вызначана найлепшым. У старэйшай узроставай катэгорыі перамогу атрымала жыхарка вёскі Касцюкі Людміла Рашчэня. Як пазней прызналася нам Людміла Адамаўна, фота – гэта адно з любімых яе захапленняў. Відаць, што жанчына нядрэнна адтачыла сваё ўменне: кожны яе фотаздымак, дасланы на конкурс, адрозніваўся і арыгінальнасцю, і высокім мастацкім узроўнем, аднак найлепшым мы ўсё ж такі назвалі “Люстэрка Арэсы” (апублікаваны ў “ГЛ”№39 ад 26 мая).

Нашмат цяжэй для членаў журы стала вызначэнне аўтараў празаічных і паэтычных твораў. Так, у сярэдняй узроставай катэгорыі мы атрымалі шмат вершаў, прысвечаных роднай зямлі. Аднак здаецца, што маладым паэтам яшчэ крышачку не стае майстэрства: ніводзін паэтычны твор не быў адзначаны членамі журы. А пераможцам у намінацыі “Край мой родны, край прыгожы” сярод удзельнікаў ва ўзросце ад 11-ці да 17-ці гадоў стала вучаніца 11 класа сярэдняй школы №1 г. Любані Алена Драбудзька: яе пранікнёны нарыс “Вёсачка мая… чараўніца” (апублікаваны ў “ГЛ” №49 ад 30 чэрвеня), прысвечаны в. Прыклінец, надзвычай спадабаўся супрацоўнікам раёнкі.


У старэйшай узроставай катэгорыі вызначаць пераможцаў было яшчэ больш складана. Шмат выдатных аўтараў – і іх добрых твораў, ёмістых словаў і прыгожых эпітэтаў… Як выбіраць лепшае з найлепшых? Таму крытэрыі ацэнкі тут былі самыя жорсткія: творы павінны былі цалкам раскрываць тэму любові да малой радзімы, не мець штампаў, выклікаць пэўныя эмоцыі і быць літаральна дасканалымі як у мастацкім, так і ў стылістычным плане. У выніку перамогу падзялілі паміж сабой любанчанін Мікалай Бухал з вершам “Востаў Зыслаў”, прысвечаным партызанскаму жыццю (апублікаваны ў “ГЛ” №49 ад 30 чэрвеня), і жыхарка вёскі Нежын Святлана Шаўцова з вершам “Почему грустишь, моя деревня”, дзе аўтар разважае пра лёс роднай вёскі (апублікаваны ў “ГЛ” №61 ад 21 верасня). Усе названыя аўтары атрымалі дыпломы, грашовыя падарункі і сувеніры ад рэдакцыі газеты “Голас Любаншчыны”. Таксама дыпломамі і грашовымі прэміямі мы вырашылі адзначыць жыхарку аграгарадка Сарачы Зінаіду Майсееню – аўтара цыкла вершаў пра даны населены пункт, а таксама любанчаніна Анатоля Вялічку, які прадставіў на конкурс шмат твораў, прысвечаных розным куткам Любаншчыны.

Такім чынам, чарговы творчы конкурс раёнкі завяршыўся, усе яго дыпламанты ўжо атрымалі прызы, і мы спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва з кожным аўтарам. На чарзе – наступныя нашы праекты; сачыце за навінамі і абавязкова прымайце ўдзел!

 

Анастасия

Дашкевич


Архив сайта
16
2019
Июнь
Что, на ваш взгляд, сильнее всего угрожает вашему здоровью?
2-е европейские игры Декрет №3 Тема недели Декрет №7 Телефоны горячих линий Отдел образования Любанского РИК