Чарговым з іх стала прэзентацыя новай выставы ў Любанскай дзіцячай школе мастацтваў.
“Памяць пакаленняў” – так называецца часовая экспазіцыя. А прадстаўлены ў ёй звыш трыццаці работ з фонду Беларускага саюза мастакоў. Аўтары іх – удзельнікі Вялікай Айчыннай і дзеці вайны, тыя, хто ведае пра жахі ліхалецця не па чутках, хто змагаўся з нямецкімі захопнікамі ў партызанскіх атрадах і на фронце, прайшоў праз жорны канцэнтрацыйных лагераў. Перажытае ў дні фашысцкай навалы яны адлюстравалі ў сваіх карцінах. Творцам удалося фарбамі перадаць подых таго трывожнага часу.
Навуковы супрацоўнік музея народнай славы Антаніна Сіманава прадставіла прысутным аўтараў (У.А. Лагуна, ураджэнца Любаншчыны, А.С. Гугеля, М.Е. Цурыкава і іншых) і іх работы. Кожная з іх – напамін пра падзеі Вялікай Айчыннай і генацыд беларускага народа ў той перыяд.
Прэзентацыя суправаджалася літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Кветкі памяці”, падрыхтаванай навучэнцамі тэатральнага аддзялення школы мастацтваў. Яны дэкламавалі творы пра вайну і веру ў светлую будучыню. Выступленні атрымаліся яркімі і эмацыянальнымі. У завяршэнні іх загадчык тэатральнага аддзялення Васіль Каткавец зазначыў, што памяць пра трагічнае і гераічнае мінулае нашай Бацькаўшчыны не павінна згаснуць. Яе неабходна перадаваць з пакалення ў пакалення праз успаміны пра мужных сваякоў і землякоў, экскурсіі ў музеі, наведванне месцаў баявой славы.
****
Дарэчы, наведаць выставу і дакрануцца, так бы мовіць, да гісторыі праз “Памяць пакаленняў” могуць усе жадаючыя. Экспазіцыя будзе працаваць да 5 ліпеня.