Дата 22 чэрвеня асаблівая ў гісторыі Беларусі. Гэта Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай, які пякучым болем жыве ў сэрцы кожнага чалавека. 81 год таму фашысцкая Германія, парушыўшы дагавор аб ненападзе, пачала вайну супраць Савецкага Саюза. Нашаму народу давялося прайсці праз вялікія пакуты і іспыты. Разам з салдатамі Чырвонай Арміі на абарону Бацькаўшчыны падняліся старыя, жанчыны, дзеці…
Штогод 22 чэрвеня мы нізка схіляем галовы перад мужнасцю абаронцаў Айчыны, успамінаем тых, хто набліжаў Перамогу. Вось і цяпер у памяць пра нашых слаўных землякоў, якія ў гады ліхалецця аддалі жыццё за веру, Радзіму, свой народ, у храме Праабражэння Гасподня ў Любані адслужана паніхіда. Пасля яе ў мемарыяльным комплексе савецкім актывістам, воінам, партызанам і падпольшчыкам адбыўся мітынг-рэквіем з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады і грамадскасці. З эмацыянальнай прамовай да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Тамара Дамашэвіч. Яна зазначыла, што памяць не ведае межаў. І мы, дзеці, унукі, праўнукі герояў вайны, абавязаны не забываць пра іх неўміручы подзвіг, каб не дапусціць паўтарэння ліхалецця, страшных злачынстваў нацыстаў.
Удзельнікі мітынгу-рэквіему ўшанавалі памяць загінуўшых землякоў мінутай маўчання, усклалі кветкі да мемарыяла ў знак удзячнасці за мірнае неба над галавой.