+375-29-194-77-56.
550-годдзе з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці,
500-годдзе заснавання Жыровіцкага манастыра, а таксама 800-годдзе святога князя
Аляксандра Неўскага сталі тэмамі для абмеркавання на другіх Калядных чытаннях Мінскай
мітраполіі.
Улічваючы няпростую эпідэміялагічную сітуацыю,
мерапрыемства праходзіла ў фармаце відэаканферэнцыі на базе абласной і
рэгіянальных студый. Прадстаўнікі Любаншчыны – педагогі, бібліятэкары і г.д. –
на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Тамарай Дамашэвіч і благачынным
царкоўнай акругі протаіерэем Аляксандрам Драгунам з цікавасцю паглядзелі
прапанаваныя відэафільмы і прэзентацыі, паслухалі выступленні па вызначаных
тэмах.
А пачаліся чытанні, як усякая добрая справа па
хрысціянскай традыцыі, з малітвы. Пасля чаго слова ўзяла першы намеснік
начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах
моладзі Мінаблвыканкама Таццяна Хмель. У сваім прывітанні да ўдзельнікаў яна
зазначыла, што з кожным годам дадзенае мерапрыемства прыцягвае да сябе ўсё
больш увагі. Яно стала пляцоўкай для абмеркавання актуальных праблем, звязаных
з выхаваннем і асветай насельніцтва, асабліва моладзі. Часам маладыя людзі
губляюць пачуццё патрыятызму, несур’ёзна ставяцца да сямейных каштоўнасцяў, не
вельмі цікавяцца гісторыяй, мастацтвам, літаратурай, “сябруюць” з дрэннымі
звычкамі. Таму важна прыкласці ўсе намаганні, каб змяніць іх арыенціры. І Калядныя
чытанні якраз-такі з’яўляюцца важным звяном выхаваўча-адукацыйнага працэсу, што
дапамагае захоўваць і пашыраць хрысціянскія каштоўнасці ў грамадстве.
Выступіў з прамовай таксама і ўладыка Веніямін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
А далей увазе прысутных у студыях былі прадстаўлены грунтоўныя даследаванні па
гісторыі Жыровіцкай
іконы Божай Маці, Свята-Успенскага
Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра, пра жыццёвы шлях і духоўны
подзвіг святога
князя Аляксандра Неўскага. У прыватнасці, названы манастыр з’яўляецца адным з галоўных
цэнтраў беларускага праваслаўя і найбуйнейшых у краіне архітэктурных ансамбляў
XVII-XVIII стагоддзяў. А жыровіцкая ікона Божай Маці уваходзіць у лік
найбольш шануемых ікон.
Пасля цікавых аповядаў некаторыя з прысутных
падзяліліся вопытам узаемадзеяння з рэлігійнымі арганізацыямі рэгіёну ў справе
духоўна-маральнага выхавання насельніцтва. Шмат змястоўных праектаў па духоўнай
асвеце, здаровым ладзе жыцця,
дабрачыннасці і г.д. рэалізуецца сумесна з прадстаўнікамі благачынняў,
напрыклад, на Салігоршчыне і Маладзечаншчыне. Там наладжана плённае супрацоўніцтва
устаноў культуры і адукацыі з царквой. Арганізоўваюцца сумесныя мерапрыемствы,
што накіраваны на фарміраванне асобы, патрыятычнае выхаванне, падтрымку
сацыяльна-неабароненых катэгорый жыхароў.
Завяршыліся чарговыя Калядныя чытанні падпісаннем
праграмы супрацоўніцтва епархій Мінскай мітраполіі і галоўнага ўпраўлення
адукацыі Мінаблвыканкама. Дакументам вызначаны задачы на будучыню, выкананне якіх дасць новы імпульс ўзаемадзеянню
паміж органамі ўлады і Беларускай праваслаўнай царквой.