Упершыню ён пераступіў парог названай арганізацыі пятнаццаць гадоў таму назад. Тады за плячамі ў яго ўжо былі Жораўская адзінаццацігодка, Слуцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №131, дзе ён у 2002 годзе атрымаў спецыяльнасць зваршчыка, і служба ў арміі. Вядома, напачатку ў маладога хлопца трывалых практычных навыкаў па прафесіі зваршчыка не было. Паступова вучыўся ў старэйшых працаўнікоў, звяртаўся да іх за парадамі, пераймаў вопыт, скрупулёзна засвойваў тонкасці абранай справы. Праз год-два ўсё пайшло як па масле – «варыў» жалеза не горш, чым вопытныя працаўнікі. Кіраўніцтва і спецыялісты жылкамунгаса заўважылі гэта і даверылі яму, бадай, адзін з самых складаных і адказных участкаў – зварку труб пры замене цепласетак. Гэта і цяпер яго асноўны фронт работы. Вобразна кажучы, свой уклад электрагазазваршчык зрабіў у рамонт цепласетак не толькі райцэнтра, але і сельскіх населеных пунктаў, такіх як Сарачы, Рэдкавічы, Урэчча і інш.
Сёння Андрэй Паўлавіч – прафесіянал, майстар з залатымі рукамі. За добрасумленную працу яго не раз заахвочвала кіраўніцтва арганізацыі, а па выніках працоўнай дзейнасці за 2018 год ён – перадавы зваршчык Любанскай ЖКГ і пераможца раённага спаборніцтва на званне «Лепшы работнік камунальнай службы».
Радкевич