Побач з вопытнымі сталымі працаўнікамі заўзята шчыруе і моладзь. Прычым некаторыя прадстаўнікі маладога пакалення нават даюць фору сваім старэйшым калегам. Прыклад таму вадзіцель з сельскагаспадарчага філіяла “Гарадзяцічы” адкрытага акцыянернага таварыства “Любанскі райаграсэрвіс” Павел Вішнеўскі, які мае на ўласным рахунку звыш 1000 тон зерня, перавезенага ад камбайнаў на збожжаток.
Павел – ураджэнец аграгарадка Малыя Гарадзяцічы. Тут прайшлі яго дзяцінства, юнацтва. Знаёмы кожны палетак, бо не раз хлапчуком з татам ездзіў на трактары. З захапленнем назіраў, як ён апрацоўвае глебу. І ўжо тады Павел вырашыў, што застанецца шчыраваць у роднай гаспадарцы. Вось і працуе – плённа, вынікова.
З вытворчым дасягненнем маладога вадзіцеля (а ён першым сярод вяскоўцаў да 31-гадовага ўзросту стаў тысячнікам) павіншавала першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Вольга Радчэня.
На здымку: (злева направа) В.А. Радчэня, П.А. Вішнеўскі, інжынер па ахове працы сельгасфіліяла “Гарадзяцічы” Іна Сініцкая.