Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

Наяўныя набыткі – аснова руху наперад

 
Па добрай традыцыі на раённым свяце ўшанавалі лепшых працаўнікоў народнай гаспадаркі Любаншчыны. На гэтай урачыстай нарадзе падведзены вынікі шматдзённай карпатлівай, суменнай работы нашых землякоў, прадстаўнікоў розных прафесій, руплівых, адказных, свядомых, тых, хто сваёй адданасцю абранай прафесіі, творчасцю, дасягненнямі робіць наш край больш прыгажым, багатым, гасцінным.

З удзячнасцю  ўдзельнікаў мерапрыемства прывітаў старшыня райвыканкама Сяргей Казецкі. Ён зазначыў, што падводзячы вынікі мінулага года,  ёсць усе падставы сцвярджаць – нягледзячы на няпростыя ўмовы, наш раён дасягае поспехаў і дынамічна развіваецца ва ўсіх галінах. Без сумнення, на ўсіх прадпрыемствах, у арганізацыях, установах у нас зладжаныя, умелыя, працаздольныя калектывы. Дзякуючы агульным намаганням за 2018 г. атрымана прамысловай прадукцыі на суму каля 40 мільёнаў рублёў; прыцягнута без малога 50 млн руб. замежных інвестыцый. Шэраг прадпрыемстваў пашырылі асартымент выпускаемай прадукцыі з улікам попыту на рынку. Станоўчая дынаміка назіраецца па рэнтабельнасці прадаж і рэалізаванай прадукцыі. Асабліва плённа спрацавалі ААТ “Завод сценавых блокаў”, ПВУП “Завод сілавой гідраўлікі”. Упэўнена развіваюцца прадпрыемствы недзяржаўнай формы ўласнасці: ТАА “Александроў”, ЗТАА “Уніфорэст”, ЗПВУП “Любанская фабрыка адзення”. За мінулы год за кошт усіх крыніц фінансавання па раёне ўведзена ў эксплуатацыю 7 000 квадратных метраў жылля, што дазволіла 67 сем’ям палепшыць умовы пражывання. Прадукцыі сельскай гаспадаркі летась атрымана ў супастаўных цэнах га 99 млн руб. Найбольшы рост валавай вытворчасці дасягнуты ў ААТ “БВА” і “Асавец-агра”. У няпростых умовах надвор’я праходзіла мінулая жніўная кампанія, але нашы хлебаробы ў чарговы раз праявілі дбайнасць, высокае майстэрства і справіліся з пастаўленай задачай.

Адзначыў Сяргей Іванавіч і станоўчыя вынікі работнікаў адукацыі, аховы здароўя, культуры, сацыяльнай абароны насельніцтва, фізічнай культуры і спорту, сферы паслуг, праваахоўных органаў, выратавальнікаў. Добрым зачынам для дасягнення высокіх паказчыкаў паслужыла ў тым ліку і дзейнасць па рамонце, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы многіх устаноў сацыяльна-культурнай сферы. Праведзены мадэрнізацыя фасада Любанскай ЦРБ, бягучыя рамонты ва Урэцкай участковай бальніцы, трох амбулаторыях, двух ФАПах, РЦК, некаторых СДК. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання двое навучэнцаў СШ №1 г. Любані атрымалі 100-бальныя сертыфікаты. На рахунку Гімназіі №1 трэці рэзультат па ЦТ сярод 40 аналагічных устаноў адукацыі Міншчыны.


Удзячнасці заслугоўваюць і сельвыканкамы за кампетэнтную, арганізаваную работу з жыхарамі, па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і рашэнні  пытанняў жыццязабеспячэння.

“Сённяшнія дасягненні Любанскага раёна – гэта аснова далейшага руху наперад. Ад таго, як мы будзем працаваць, залежыць наш дабрабыт, развіццё рэгіёну. Таму перад кожным стаіць задача – задзейнічаць усе рэзервы для паспяховай рэалізацыі намечанага ў бягучым годзе”, – падкрэсліў С.І. Казецкі і пажадаў усім міра, здароўя, удачы, веры ў свае сілы і поспехаў у прафесійнай дзейнасці.

Віншаванні нашым рупліўцам адрасавалі таксама намеснік старшыні Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Дабрыцкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юлія Мурына, намеснікі старшыні райвыканкама Валерый Мельнік, Дзмітрый Сухан і Тамара Дамашэвіч.


Акрамя прыемных слоў, многія заўзятыя работнікі Любаншчыны, перадавікі вытворчасці, атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Так, за добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна Падзякай старшыні Мінаблвыканкама ўзнагароджаны Яўген Мафіеня, трэнер-выкладчык па вольнай барацьбе ДЮСШ, Таццяна Пархоменка, аператар машыннага даення ААТ “Забалацкі”, Іван Гусеў, майстар ДУП “ПМК-201”, Ганна Селівестрава, дырэктар Кузьміцкага СДК; Ганаровай граматай і грашовым падарункам ГА “Беларускі саюз жанчын” – Вераніка Марозава, дырэктар ААТ “Урэцкі”, Падзякай старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Святлана Новікава. Таксама былі ўручаны  Ганаровыя граматы райвыканкама і, вядома, адзначаны пераможцы раённага спаборніцтва.


Атмасферу ўрачыстасці на працягу ўсяго мерапрыемства стваралі работнікі культуры; свае творчыя нумары дарылі лепшыя выканаўцы Любаншчыны.

 

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/ulada-ru/view/najaunyja-nabytki-asnova-ruxu-naperad-11493/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"