Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

У вёсцы Забалаць па старадаўніх традыцыях адсвяткавалі Гуканне вясны

Фота Сяргея ВЫСКВАРКІ.
Фота Сяргея ВЫСКВАРКІ.

 

У адрозненне ад іншых народных свят Гуканне вясны не мае прывязкі да пэўнага дня альбо цыклу. Яго праводзяць у пару, калі маразы адступаюць і пачынае цяплець.

 На Любаншчыне сёлета вясну гукалі ў Забалаці. Свята ладзілася пры ўдзеле дзіцячых калектываў «Верасок» (в. Обчын), «Радуга» (в. Дарасіно), «Нашчадкі» (в. Забалаць) і дарослага «Павалякі» (в. Обчын). Апошні запрасілі, каб дзяўчынкі і хлопчыкі пачулі, як абрадавыя песні некалі выконвалі нашы продкі.

Гуканне вясны лічыцца дзіцячым святам. Падчас яго гурты рабят ходзяць па вуліцах, спяваюць, наведваюць двары мясцовых жыхароў, а тыя, у сваю чаргу, выносяць ім «жаваронкаў» – вырабы з цеста ў выглядзе птушачак. Цяпер, праўда, мала хто выпякае вясенніх вестуноў, як правіла, выкарыстоўваюць больш простыя формы. Абавязковы атрыбут абраду – чырвоная хустка, куды дзеці складвалі пачастункі.

Не прамінулі ўдзельнікі свята ў гэты раз дом Марыі Рыгораўны Малышавай, якая штогод гасцінна іх сустракае. А яшчэ дзецям прапаноўваюць з драўлянай лыжкі зрабіць глыток сіропу. А тыя, у сваю чаргу, калі яго адведаюць, абавязкова павінны гучна вымавіць: «Агу, вясна!».

Калі абход двароў завяршалі, наступала чарга паліць касцёр. Вакол яго размяшчалі драўляныя колікі, на якія насаджвалі «жаваронкаў» з мукі. Іх нібы грэлі, каб хутчэй прыйшла вясна, а потым з’ядалі. Затым ізноў спявалі, вадзілі карагоды, забаўляліся.Больш сучасная частка абраду – рабіць з паперы птушак і вешаць іх на дрэвы.

Дарэчы, 7 красавіка ў 12.00 гукаць вясну будуць у вёсцы Палічын.

 

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/ss-yushk-ru/view/u-vestsy-zabalats-pa-staradaunix-tradytsyjax-adsvjatkavali-gukanne-vjasny-10543/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"