Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

На «Мураўінай сцяжынцы» таленты сустрэліся

У пачатку снежня на Любаншчыне прайшоў чацвёрты дзіцячы конкурс літаратурнай творчасці «Мураўіная сцяжынка» імя Івана Муравейкі. Мерапрыемства ладзілася ў Сароцкай школе. Тут сабраліся юныя аўтары з устаноў адукацыі раёна, каб падзяліцца ўласнымі літаратурнымі здабыткамі ў паэзіі і прозе.

Шчырыя, мілагучныя словы пра любанскі край і яго таленавітых вучоных, грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў, артыстаў, працавітых людзей, што прагучалі з вуснаў вядучых на пачатку праграмы, стварылі ў актавай зале, дзе адбывалася свята, узнёслую атмасферу ўрачыстасці.

Даючы старт конкурсу, з прывітальным словам да дзяцей і педагогаў звярнулася начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Каравацкая. Пад яе старшынствам творы ацэньвалі Таццяна Аляксеева – намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама; Ганна Макейчык – загадчык сектара сацыяльнай, выхаваўчай работы, спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама; намеснікі дырэктараў устаноў адукацыі Любаншчыны: Алена Вярэнік (СШ №3 г. Любані імя Г. Л. Сячко), Анжаліка Маглыш (Урэцкая СШ №2), Іна Дзмітрыева (СШ №1 г. Любані); настаўнікі: Надзея Скрыпнік (Асавецкі ВПК ДС-СШ) і Вольга Якавец (Сароцкая СШ). Па традыцыі, на гэты раз відэанаказ маладому пакаленню даў майстар слова, пісьменнік-зямляк Іван Муравейка, у гонар якога і арганізаваны конкурс.

Акрыленыя і падбадзёраныя цёплымі словамі падтрымкі, юныя любанчане прадставілі на суд журы і прысутных уласныя літаратурныя здабыткі. Па-сапраўднаму пранікнёна, мілагучна і шчыра, дзесьці і з акцёрскім майстэрствам яны чыталі вершы і прозу. Палітра тэм была самая разнастайная: на беларускай і рускай мовах гучалі творы пра школу, сяброў, родных і Бацькаўшчыну, салдатаў Перамогі… Да слова, вучнёўскія работы розных этапаў конкурсу ўвайшлі ў чарговы, чацвёрты па ліку, зборнік «Мураўіная сцяжынка» з аўтографам Івана Муравейкі.

Надзвычай шчодрай на таленты выдалася намінацыя «Паэтычныя творы». У ёй прынялі ўдзел аж 22 вучні 1–2-х класаў з Любанскіх СШ №1 і №3, Соснаўскіх СШ №1 і №2, Камунараўскай, Рачэнскай, Малагарадзячыцкай, Обчынскай, Асавецкай, Рэдкавіцкай, Урэцкай №1, Атраднаўскай і Сароцкай школ. Кожны выступоўца дэкламаваў ярка і годна. Нялёгка прыйшло-
ся журы, аднак з дапамогай падліковай камісіі ўсё ж былі вызначаны лепшыя аўтары. У выніку фіналістамі конкурсу ў вышэйназванай намінацыі сярод вучняў 1– 6 класаў устаноў адукацыі раёна сталі Настасся Стружко (Соснаўскі ВВК ДС-СШ №2, 3 клас), Глеб Каратчэня (СШ №1 г. Любані, 2 «Г» клас) – самы малодшы з удзельнікаў, Ванда Сярко (Асавецкі ВПК ДС-СШ, 5 клас), Дар’я Панкевіч (Рачэнская СШ, 6 клас). У другой, старэйшай, групе канкурсантаў пераможцамі творчага спаборніцтва сталі Юлія Матусевіч (Соснаўская СШ №1, 7 клас), Цімафей Галоўчыц (СШ №1 г. Любані, 7 «В» клас) і Леанід Ціпуноў (Камунараўскі ВПК ДС-СШ, 8 клас).

Арыгінальная проза вучняў Тальскай, Сароцкай, Любанскай №1 і Урэцкай №2 сярэдніх школ прагучала ў намінацыі «Празаічныя творы». Дыпламантамі ў ёй прызнаны Вікторыя Рашчэня (Тальскі ВПК ДС-СШ, 3 клас) за апавяданне «Кот-лежабок», Настасся Пятровіч (Сароцкая СШ, 6 клас) за легенду «Арэса» і Ганна Кірдзюк (Урэцкая СШ №2, 11 клас) за твор «Абразок на памяць».

Пры падвядзенні вынікаў старшыня і кожны з членаў журы выказаў свае ўражанні ад убачанага і пачутага. Дзіцячая творчасць, па іх словах, цікавая і непаўторная, яна не мае межаў у сваім развіцці. Юным талентам любанскага краю былі адрасаваны шматлікія пажаданні далейшых поспехаў. Прынамсі, у наступным годзе, а ён для конкурсу будзе юбілейным, на «Мураўінай сцяжынцы» зноў збяруцца аматары мастацкага слова са сваімі новымі літаратурнымі творамі.

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/ss-sorochskiy-ru/view/na-murauinaj-stsjazhyntsy-talenty-sustrelisja-10470/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"