Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

У Асавецкім сельскім Доме культуры прайшоў творчы вечар да 75-гадовага юбілею ўраджэнца вёскі Ямінск кіраўніка ансамбля “Мінскі гармонік” Івана Раманчука

НА ЗДЫМКУ: Іван РАМАНЧУК (у цэнтры) у кампаніі ансамбляў «Любанскі гармонік» і «Мінскі гармонік».
НА ЗДЫМКУ: Іван РАМАНЧУК (у цэнтры) у кампаніі ансамбляў «Любанскі гармонік» і «Мінскі гармонік».

Менавіта такімі радкамі можна сказаць пра лёс таленавітага музыканта, педагога, паэта, кіраўніка ансамбля «Мінскі гармонік», нашага земляка Івана Мікалаевіча Раманчука. З нагоды яго 75-гадовага юбілею і да Года малой радзімы ў Асавецкім сельскім Доме культуры прайшоў творчы вечар «З гармонікам па жыцці».

І.М. Раманчук нарадзіўся ў весцы Ямінск. Ён, як кажуць, разам з малаком маці ўвабраў усю любоў да свайго краю. 3 малых год хлопчык выказваў цікавасць да народнай музыкі, танцаў, спеваў. Калі ў трынаццацігадовым узросце атрымаў ад бацькі ў падарунак гармонік, радасці яго не было канца. З-за гармоніка не бачна было галавы Івана, калі той расцягваў мяхі інструмента. А як па-заліхвацку граў на вяселлях і вечарынках! 3 той пары і не развітваецца зямляк з гармонікам, як са сваім сябрам.

Песні, якія пачуў ад матулі Ніны Паўлаўны, пачынаў падбіраць і іграць. Наступнай прыступкай да мастацтва была імправізацыя на народныя мелодыі з роднай вёскі: польку, вальс, кадрыль. Пазней і сам пачаў ствараць яркія музычныя кампазіцыі.

 

Пасля заканчэння педагагічнага інстытута імя М. Горкага ў г. Мінску Іван Мікалаевіч доўгі час працаваў у сістэме адукацыі, але ж мастацтва перацягнула на свой бок. Спачатку ён – заліхвацкі гарманіст ансамбля «Гармонік» пры сталічным Палацы культуры чыгуначнікаў. Калектыў узяўся за рэабілітацыю аднайменнага беларускага музычнага інструмента. На базе цэнтра этнаграфіі і фальклору «Каляндар» у 1992 годзе І.М. Ра-
манчук стварае свой ансамбль пад назвай «Менскі гармонік». У новы калектыў прыйшло шмат моладзі, якая па-сапраўднаму «гарэла» творчасцю. Ансамбль земляка – пастаянны ўдзельнік сталічных святаў, выступае на рэспубліканскіх фестывалях «Звіняць цымбалы і гармонік», «Пеўчае поле», «Мемарыял памяці» і іншых, выязджае з канцэртамі за мяжу. Запісы на радыё і тэлебачанні пачалі прыносіць славу. I хоць калектыў пастаянна абнаўляецца, але планка высокага прафесійнага майстэрства застаецца.

I.М. Раманчук часта выка-рыстоўвае ў напісанні сваіх песень вершы вядомых беларускіх аўтараў, у тым ліку Петруся Броўкі, Яўгеніі Янішчыц. Палітра твораў музыканта вялікая, шматжанравая: ад фальклорных матываў да эстрады. Вялікім поспехам карыстаюцца песні «Сустрэча з домам», «Слова да маці», «Менскі гармонік», «Спявай душа народная», «Матчына акенца»... А яшчэ – пра Любань «У белым рамонку» на словы паэта Уладзіміра Паўлава. Увогуле, усе песні Iвана Мікалаевіча – гэта радасць і боль за свой бацькоўскі кут, непарыўная сувязь паміж асобай і месцам яе нараджэння. Галоўная ідэя твораў – любоў да сваёй малой радзімы. Ён нібы перасцерагае: у жыцці, каб не згубіцца на белым свеце, трэба трымацца свайго роду-племені. Не выпадкова, адна з якасцей юбіляра – гэта пастаянная цяга да бацькоўскага краю, да тых мясцін, дзе нарадзіўся і ўзрос.

Кіраўнік ансамбля «Мінскі гармонік» – заўсёды жаданы і чаканы госць на Любаншчыне. I якое б свята ні праводзілася, ляціць Іван Мікалаевіч на малую радзіму. Замілаваны прыгажосцю чароўнай Арэсы, што працякае праз Любань, Іван Мікалаевіч піша:

Цячэ чараўніца Арэса

Праз Любань у глыбіні Палесся,

Праз гаі, лясы і балоты,

Пад крык жураўліны журботны.

Партызанскі край мой любы,

Край славутых перамог,

Горад слаўны, родны Любань –

Скрыжаванне ўсіх маіх дарог...

Творчы вечар Раманчука стаў яго своеасаблівай справаздачай перад бацькоўскай памяццю, перад сваімі землякамі. Высокае выканаўчае майстэрства прадэманстравалі на мерапрыемстве ансамблі: «Сяброўкі» Забалацкага сельскага Дома культуры, «Любанскі гармонік» (які быў створаны Іванам Мікалаевічам), «Мінскі гармонік» (апошні прыехаў са сталіцы). Напрыканцы канцэрта «гармонікі» паядналіся і па-заліхвацку выканалі песні кампазітара, а сам юбіляр разам з цудоўным музыкантам Сяргеем Конухавым ім акампанаваў.

І, канешне, былі і кветкі, і падарункі, і часцінка душы Любаншчыны – дамашні хлеб з прысмакамі. Прыемнай неспадзяванасцю для ўсіх гасцей стаў падарунак і ад Раманчука: зборнік яго вершаў і песень «Святло матулі».

Любаншчына заўсёды славілася добразычлівымі, шчырымі і таленавітымі людзьмі. Хай і далей творчая дзейнасць Івана Мікалаевіча сілкуецца бацькоўскімі каранямі і дорыць яшчэ шмат вершаў і песень. А мы зычым яму шчасця, вялікай любові і натхнення.

Васiль Каткавец.

 



Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/ss-osovetskiy-ru/view/u-asavetskim-selskim-dome-kultury-prajshou-tvorchy-vechar-da-75-gadovaga-jubileju-uradzhentsa-veski-jaminsk-10538/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"