Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

Раўненне на трэнера

 
Шэсць гадоў назад на працу ў ДЮСШ г. Любані, якую сам калісьці наведваў, уладкаваўся Яўген Мафіеня. На аддзяленні барацьбы вольнай ён стаў навучаць дзяцей гэтаму віду спорту ў камандзе са сваім першым трэнерам Аляксандрам Уладзіміравічам Нагорным.

 

Сам Яўген барацьбой вольнай пачаў займацца з шостага класа. Ён аказаўся здольным спартсменам. На занятках у Аляксандра Уладзіміравіча скрупулёзна шліфаваў сваё майстэрства. Хутка юнак пачаў выступаць на спаборніцтвах. Перамогі не прымусілі сябе доўга чакаць. Калі стаў чэмпіёнам абласнога першынства, атрымаў права на залічэнне ў вучылішча алімпійскага рэзерву. І гэтай магчымасцю скарыстаўся. Пасля заканчэння сямі класаў СШ №3 г. Любані Яўген паступіў у Плешчаніцкае вучылішча алімпійскага рэзерву. Там працягнуў трэніравацца ў Лазара Барысавіча Лейкіна. Падчас вучобы ў дзявятым класе выканаў нарматыў на пры-сваенне спартыўнага разраду КМС. На гэтым не захацеў спыняцца. Паставіў перад сабой задачу стаць майстрам спорту. Яе выканаў ужо падчас вучобы ў БДУФК. Спартыўны разрад МС быў прысвоены па выніках міжнароднага турніру, які праходзіў у Магілёве. Там Яўген атрымаў няпростую перамогу над сапернікамі.

Падчас вучобы ва ўніверсітэце трэніраваўся ў Алега Якаўлевіча Райхліна. А з трэцяга курса пачаў сам навучаць дзяцей барацьбе вольнай. Некаторыя з іх ужо таксама маюць спартыўны разрад МС.

Пасля заканчэння ўніверсітэта нядоўга працаваў у Мінскім абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву. Пакуль не наспела рашэнне вярнуцца на малую радзіму.

Яўген добра памятае свой першы набор дзяцей. У ім былі чэмпіёны рэспублікі Мікіта Беразун, Станіслаў Мазок, Шахмар Абдулаеў. Цяпер гэта навучэнцы абласных вучылішчаў алімпійскага рэзерву (Плешчаніцкага і Мінскага). А яшчэ Мікіта і Станіслаў летась атрымалі пуцёўкі на чэмпіянаты Еўропы, якія прайшлі ў Македоніі і Венгрыі. Па выніках праве-
дзеных схватак Мазок замкнуў пяцёрку мацнейшых, а Беразун узняўся на другую ступеньку п’едэсталу.

Штогод спартсмены-навучэнцы і выхаванцы аддзялення барацьбы вольнай ДЮСШ Любанскага раёна бяруць удзел у сарака і больш спаборніцтвах рознага ўзроўню. І нярэдка ў агульнакамандным заліку становяцца пераможцамі.

Сёння Яўген вядзе заняткі ў трох групах: дзвюх вучэбна-трэніровачных і адной пачатковай падрыхтоўкі. Іх наведваюць дваццаць рабят. Некаторыя з яго навучэнцаў валодаюць высокім патэнцыялам. Сам трэнер нават не сумняваецца, што хутка яны таксама стануць чэмпіёнамі рэспублікі.

 

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/sport-ru/view/raunenne-na-trenera-11469/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"