Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

Святлана Каратчэня лічыць сябе па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам, бо займаецца любімай справай: а працуе яна на мастацкім аддзяленні ў Любанскай ДШМ

Звыш дзесяці гадоў навучае дзяцей маляванню ў розных тэхніках, скульптурнай лепцы, прывівае эстэтычны густ, уменне бачыць прыгожае ў звычайным. І пры гэтым не перастае развіваць уласнае майстэрства. У вольны час малюе карціны на заказ, стварае дзівосныя барэльефы.

Пры сустрэчы спытала ў Святланы Уладзіміраўны, што паўплывала на выбар яе прафесіі, і мая суразмоўца патлумачыла: “З дзяцінства падабалася маляваць, займалася ў розных гуртках і ўвесь час хацела ствараць нешта непаўторнае, сваё. Праўда, прысутнічала нейкая няўпэўненасць ва ўласных сілах і магчымасцях”.

Яе Святлане дапамог пераадолець Мікалай Прохаравіч Дарожка. Многія любанчане, пэўна, памятаюць гэтага чалавека, удзельніка Вялікай Айчыннай, які працяглы час узначальваў раённую ветэранскую арганізацыю. Ён калісь закончыў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў і цудоўна маляваў. Вось да яго і параілі звярнуцца дзяўчыне. Тыя заняткі з Мікалаем Прохаравічам дэтальна памятае С.У. Каратчэня і сёння. Сталы чалавек раскрыў ёй некаторыя сакрэты выяўленчага мастацтва, падказаў як знайсці ўласны почырк і развіваць яго, а заадно і паспрыяў прафесійнаму самавызначэнню.

Святлана яшчэ больш часу пачала праводзіць за мальбертам, гадзінамі чаравала над аркушамі з пэндзлямі і фарбамі. І ў рэшце рэшт паступіла на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, дзе атрымала адукацыю настаўніка выяўленчага мастацтва, чарчэння, працоўнага навучання, а таксама педагога ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей. Хутка мінулі гады вучобы, насычаныя цікавымі сустрэчамі, знаёмствамі з таленавітымі мастакамі. Адбылося творчае станаўленне. І вось    маладым спецыялістам Святлана Уладзіміраўна вярнулася ў Любань. Першы прафесійны вопыт атрымала ў першай гарадской адзінаццацігодцы ў якасці настаўніка працоўнага навучання. А потым яе запрасілі ў дзіцячую школу мастацтваў.

С.У. Каратчэня стала вучыць юных любанчан маляванню, думаць і фантазіраваць, бачыць свет напоўнены яркімі колерамі, дзяліцца з імі сваімі навыкамі і ўменнем. Быццам крылы выраслі за спіной, працавала старанна, з ахвотай і энтузіязмам, рыхтавала рабят да конкурсаў і шчыра радавалася кожнай іх перамозе, творчаму поспеху… Прайшоў час, але адносіны да работы ў Святланы Уладзіміраўны ніколькі не змяніліся. Як і напачатку працоўнай дзейнасці, яе вочы ззяюць радасцю, а ў душы вiруюць узнёсласць i натхненне. Пад кіраўніцтвам педагога і яе калег на аддзяленні цяпер займаюцца каля 50 хлопчыкаў і дзяўчынак (у тым ліку і малодшы сынок Святланы Каратчэні Арцём). Яны асвойваюць розныя мастацкія накірункі, як рабіць эскізы, правільна ўпраўляцца з простымі і акварэльнымі алоўкамі, васковымі і пастэльнымі крэйдамі, акварэллю, гуашшу і інш.

Атрымалася так, што дзіцячае захапленне не толькі захавалася, але стала прафесійным прызваннем і нават сваго роду стылем жыцця. Святлана Каратчэня нават дома не можа без любімага занятка. Кожную вольную хвіліну малюе. І не толькі для сябе. Звыш трыццаці работ падрыхтавана ёй пад заказ. Гэта партрэты. Кожны з іх – асобная гісторыя, якую Святлана Уладзіміраўна пражывае пакуль піша. Бо, па яе словах, важна перадаць не толькі  знешняе падабенства чалавека, а і рысы характару, стан душы. Што, па водгуках тых людзей, якія адюстраваны на карцінах, у Святланы Каратчэні добра выходзіць.
Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/soc-ru/view/svjatlana-karatchenja-lichyts-sjabe-pa-sapraudnamu-shchaslivym-chalavekam-bo-zajmaetstsa-ljubimaj-spravaj-a-16003/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"