Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

Упэўнена ішлі да перамогі

Гэта зацверджана рашэннем райвыканкама па выніках аналізу дадзеных Савета ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і прэзідыума райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. За высокае дасягненне на раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі, што адбыўся 23 лютага ў Сароцкім сельскім Доме культуры, сельгасарганізацыя атрымала пераходзячы сцяг і Дыплом раённага выканаўчага камітэта.
Гэта высокая ўзнагарода – вынік агульнай працы ад кіраўніка, спецыялістаў, жывёлаводаў, аграрыяў, механізатараў, вадзіцеляў да тых, хто своечасова і добрасумленна папраўляў непаладкі ў рабоце тэхнікі на машынна-трактарных дварах, абсталявання на фермах і комплексе, забяспечваючы бесперапынны вытворчы працэс.
У выніку валавая вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ў гаспадарцы за 2017 г. склала 102,4% да папярэдняга года. Найбольш важкія рэзультаты атрымалі жывёлаводы таварыства. Па вытворчасці малака яны дасягнулі паказчыка ў 7 699,3 тоны (+653 т да 2016 г.). На адну фуражную карову надаілі 4 958 кілаграмаў сырадою (109% да 2016 г.). Рэалізавалі дзяржаве вышэйшым гатункам і класам «экстра» 99 працэнтаў малака.
У сельгасарганізацыі заўсёды пад пільнай увагай пытанні захавання і ўзнаўлення статка буйной рагатай жывёлы. Летась ад кароў атрымалі 1 966 цялят (+147 да 2016 г.). Важкія працоўныя дасягненні жывёлаводаў, да якіх яны імкнуліся штодзень, не засталіся незаўважанымі не толькі кіраўніцтвам іх уласнай гаспадаркі, але і на ўзроўні раёна. Так, на свяце ўшанавання перадавікоў народнай гаспадаркі калектыў атрымаў узнагароду – Дыплом райвыканкама, грашовую прэмію і, вядома, шчырыя словы ўдзячнасці за працу.
Як паведамілі ў адміністрацыі таварыства, асаблівых поспехаў дабіўся калектыў малочнатаварнай фермы «Асавец». У прыватнасці, больш за пяць тысяч кілаграмаў малака на адну фуражную карову надаілі аператары машыннага даення Наталля Аркадзьеўна Трэушэнка, Наталля Мікалаеўна Рубчэня, Паўліна Іванаўна Басарановіч, Людміла Іванаўна Беланогава, Таццяна Віктараўна Петрушэня. Варта падкрэсліць, што 92,9% атрыманай прадукцыі з асавецкай фермы рэалізавана дзяржаве гатункам «экстра», таварнасць малака склала 90%. Жывёлаводы не дапусцілі зніжэння колькасці кароў і падзяжу цялят: выхад апошніх на 100 кароў і цёлак – 99 галоў.
У галіне раслінаводства ў ААТ «Асавец-агра» таксама добрыя рэзультаты працы. Сабрана 7 038 тон зерневых і зернебабовых культур у чыстай вазе пры сярэдняй ураджайнасці 21,8 цэнтнера з гектара. Аднак у папярэднія некалькі гадоў былі больш шчодрыя нівы і палеткі, зазначылі спецыялісты гаспадаркі. Дзякуючы руплівым вяскоўцам для грамадскага пагалоўя жывёлы нарыхтавана 38 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву.
На 2018 год перад калектывам пастаўлены задачы яшчэ больш складаныя. Патрэбна не толькі захаваць дасягнутае, але і зрабіць крок наперад. Няхай жа спраўдзяцца планы і мэты кіраўнікоў і працаўнікоў сельгасарганізацыі і ў бягучым годзе.


Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/selskoe-ru/view/upeunena-ishli-da-peramogi-10453/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"