Малая радзіма Валянціны (у дзявоцтве Касцюкавец) – пасёлак з мілагучнай назвай Вішанькі (Рачэнскі сельскі савет). Там прайшлі раннія гады яе дзяцінства. Аднак у хуткім часе ў бацькоў дзяўчынкі – Івана Захаравіча і Ніны Сцяпанаўны – з’явілася магчымасць пераехаць у Салігорск. У першы клас будучая артыстка ўжо пайшла ў адну са школ сталіцы шахцёраў. Жаданне спяваць у яе было вялікім, ды і здольнасці да таго мела. Таму з чацвёртага класа Валянціна пачала сумяшчаць навучанне ў агульнаадукацыйнай і музычнай школах. Апошнюю праз пяць гадоў паспяхова скончыла па класе баяна. А як выпусцілася і з першай, паступіла ў Салігорскі педагагічны каледж (спецыяльнасць «Пачатковыя класы і музыка»).
Шлях у прафесію
У тым жа каледжы ўжо вучылася яе старэйшая сястра Таццяна, якая з’яўлялася ўдзельніцай вакальна-інструментальнага ансамбля. Яна ж і прапанавала Валянціне таксама ўвайсці ў яго склад. І тая згадзілася…
Пасля заканчэння каледжа зямлячка вырашыла працягнуць адукацыю – паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва (спецыяльнасць «Народная творчасць», спецыялізацыя «Сцэнічны фальклор»). І ўжо праз якіх два месяцы ў складзе фальклорнага калектыву адправілася на свае першыя замежныя гастролі ў Румынію, дзе на фестывалі выканала аўтэнтычныя беларускія песні, праўда, крышачку апрацаваныя. І цяпер з цеплынёй узгадвае Валянціна пра тую паездку, якая пакінула мноства ўражанняў. Дарэчы, ужо зараз геаграфія яе гастроляў даволі шырокая. Яна спявала на сцэнічных пляцоўках у Расіі, Украіне, Польшчы, Латвіі, Літве, Эстоніі, Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Турцыі, Францыі, Паўднёвай Карэі, Кітаі, Індыі…
Валянціна з усмешкай адзначае: «Выкладчыкі ва ўніверсітэце вельмі нядобра да мяне адносіліся. Бо праз свае выступленні я вымушана была пастаянна прапускаць семінары і лекцыі. Лічыла, што практыцы варта ўдзяляць больш увагі, чым тэорыі».
На вялікай сцэне
З трэцяга курса студэнтка пачала спяваць ужо на вялікай сцэне. Па спецыяльнасці «Народная творчасць» працавала вакалісткай у Цэнтральным Доме афіцэраў. Вялікую практыку работы атрымала ў канцэртнай арганізацыі «Славянскі сувенір». У 2000 годзе ў якасці салісткі ансамбля «Казакі Белай Русі» дэбютавала на фестывалі «Славянскі базар». Праз два гады ізноў выйшла на сцэну віцебскага амфітэатра, аднак ужо ў складзе фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Неруш». Менавіта гады працы ў дадзеным калектыве яна лічыць неацэннымі па набыцці вопыту і развіцці. Там, прызнаецца, пачалося яе станаўленне як артысткі…
Салісткай, заўважым, адзінай, Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі Валянціна Альшанская з’яўляецца з 2010 года.
Адметны стыль спеваў
Адметны стыль спеваў Валянціны Альшанскай – спалучэнне эстраднага і народнага выканання. «Я вельмі адказна стаўлюся да выбару вершаў для песень. І зусім не важна, хто будзе іх аўтарам: прызнаны паэт ці нікому невядомы аматар. Для мяне галоўнае –гэта сэнс твора», – неяк прызналася яна ў адным са сваіх інтэрв’ю.
Любіць бываць на Любаншчыне
На Любаншчыне Валянціна Альшанская – часты госць. Выступала з сольнай праграмай у Дзіцячай школе мастацтваў, асобнымі песнямі нярэдка радавала ўдзельнікаў і гасцей вялікіх раённых свят. Здаралася і такое, што давала канцэрт перад хлебаробамі непасрэдна ў полі.
Зараз яе бацькі знаходзяцца ў Вішаньках. Гасцюе ў іх і не дае сумаваць дзядулю і бабулі першынец Валянціны – сыночак Мішанька, якому праз месяц споўніцца дзесяць гадоў. Як прызналася спявачка, хутка і яна плануе да іх прыехаць. У бацькоўскай хаце любіць бываць.
– Што б вы хацелі пажадаць сваім землякам? – задаём Валянціне традыцыйнае пытанне напрыканцы гутаркі.
– Любанчанам зычу здароўя, кахання… Увогуле, усяго самага добрага, што ёсць на свеце. Няхай кожны дзень прыносіць радасць, – пачулі ад яе.