30 сакавіка ў Сароцкай сярэдняй школе прайшоў раённы агляд-конкурс “Сэрца аддаю дзецям”, у якім удзельнічалі 9 сямей: дзіцячыя дамы сямейнага тыпу Валянціны Міхайлаўны Абчынец (г. Любань, выхоўвае 8 дзяцей), Жанны Леанідаўны Арсеньевай (г. Любань, 8 дзяцей), Раісы Аляксандраўны Медвядок (г. Любань, 13 дзяцей), Валянціны Мікалаеўны Ротнавай (в. Атраднае, 7 дзяцей); прыёмныя сем’і Святланы Міхайлаўны Беражыцкай (а/г Сосны 1, двое дзяцей), Ірыны Альбертаўны Ванцэвіч (г.п. Урэчча, адно дзіця), Наталлі Яўгеньеўны Рагалевіч (в. Кузьмічы, двое дзяцей), Яўгеніі Сяргееўны Цімашэўскай (г. Любань, трое дзяцей), Алены Аляксандраўны Хаміцэвіч (а/г Сосны 1, двое дзяцей).
Конкурс прадугледжваў пяць заданняў. Першае – прэзентацыйны відэаролік “Адзін дзень з жыцця сям’і”, дзе ўдзельнікі пазнаёмілі са сваімі выхаванцамі, расказалі пра святы і будні, сямейныя традыцыі, захапленні, сумесную працу дома і на прысядзібным участку. Калыханка, казка перад сном, сямейныя абеды, павага адно да другога, узаемадапамога – усё гэта спрыяе станаўленню сапраўднай сям’і.
Другое заданне – сачыненне- апісанне выхаванца “Лепшая сямейная гісторыя” – аповед пра цікавыя і ў многім павучальныя падзеі з жыцця сям’і.
Дзеці ў сем’і трапляюць у розным узросце, і бацькі стараюцца занатаваць інфармацыю пра іх жыццёвы шлях, памятныя здарэнні, сваякоў, дасягненні. Пра гэта было расказана ў прэзентацыі “Кніга жыцця выхавальніка”. Таксама бацькі прынялі ўдзел у тэсціраванні на веды нарматыўных прававых дакументаў і ў вырашэнні педагагічных сітуацый: як сябе паводзіць, калі ваша дачка закахалася, калі сын украў грошы ў аднакласніка, пачаў тайна курыць або шмат часу праводзіць за камп’ютарам ці ў тэлефоне… Гэтыя і іншыя сітуацыі былі абмеркаваны канкурсантамі. У фае школы можна было ўбачыць выставу работ, якая прадэманстравала рознастароннія захапленні рабят. Гэта і было пятае заданне.
Перад журы, якое ўзначаліла Анжэла Мікалаеўна Лапановіч – намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага раёна – стаяла вельмі няпростая задача: як можна ацаніць тую вялізную працу, якую прыёмная сям’я выконвае, прынімаючы ў дом хоць адно дзіця, а тут 7, 8, 13… Пагэтаму ўсе ўдзельнікі былі адзначаны ў розных намінацыях. А трэцяе месца ў конкурсе заваявала Святлана Міхайлаўна Беражыцкая, другое – Валянціна Мікалаеўна Ротнава, першае – Яўгенія Сяргееўна Цімашэўская. Яна і прадставіць раён на абласным конкурсе.
Напрыканцы хочацца яшчэ раз выразіць глыбокае пачуццё павагі і ўдзячнасці сем’ям, якія ўзялі на сябе адказнасць бацькоў-выхавальнікаў. Вялікі вам дзякуй!