Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

Падзяліліся сакрэтамі прафесійнага майстэрства

 
З 1 па 5 кастрычніка праходзіў VIII педагагічны марафон кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі Мінскай вобласці «Педагагічныя ініцыятывы – індыкатар устойлівага развіцця адукацыі».


 

У нашым раёне ў гэтыя дні адбыліся шматлікія мерапрыемствы ў розных установах адукацыі з мэтай павышэння майстэрства педагогаў, стварэння ўмоў для іх прафесійнай самарэалізацыі і інш.

У рамках марафону на базе ДУА «Яслі-сад №4 г. Любані»(загадчык Ірына Георгіеўна Хадасок) прайшоў Дзень педагагічнага работніка ўстановы дашкольнай адукацыі. Мерапрыемства ладзілася ў форме вуснага часопіса «Удасканаленне якасці адукацыйнага працэсу на беларускай мове з дзецьмі дашкольнага ўзросту», які складаўся з сямі старонак, і кожная была па-свойму цікавай і пазнавальнай. Напрыклад, на «Фальклорнай» – госці мелі магчымасць паўдзельнічаць у віктарыне і гульнях. Адгадаць беларускую мелодыю і атрымаць у падарунак сюрпрыз – цукерку з пажаданнем, прадоўжыць прыказку ці прымаўку, назваць казку. На «Рухальнай» – усім падняў настрой удзел у народнай гульні «Лянок». Але ж, напэўна, галоўнай стала старонка «Метадычная». Педагагічныя работнікі дзяліліся вопытам працы, асабістымі дасягненнямі, разважалі пра тое, што можна змяніць у сваёй рабоце, каб родная мова ўвайшла ў сэрцы і душы выхаванцаў. Так, Святлана Васільеўна Кепець, выхавальнік Асавецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы, асаблівую ўвагу ўдзяліла развіццю беларускага маўлення, падкрэсліўшы, што родную мову пад прымусам вывучыць нельга, а патрэбна выклікаць у дзяцей цікавасць да яе і жаданне авалодаць ёй. Галіна Аляксандраўна Іокша, выхавальнік ДУА «Яслі-сад №3 г. Любані», расказала пра практычнае прымяненне метаду нагляднага мадэліравання – 
прысутныя мелі магчымасць паглядзець фрагменты відэазаняткаў. Пра выкарыстанне граматычнага ладу маўлення ў рабоце з дашкольнікамі распавяла Ніна Уладзіміраўна Казановіч, выхавальнік Атраднаўскага дзіцячага сада.

Асаблівую цікаўнасць у гасцей выклікала прэзентацыя дыдактычных гульняў раённага праекта «Гуляем – па-беларуску размаўляем». Напрыклад, педагагічныя работнікі ДУА «Яслі-сад №6 г. Любані» прыклалі шмат намаганняў і стварылі такую гульню, ад якой у захапленні былі не толькі дзеці, але і дарослыя. Як расказала Алена Аляксандраўна Жаўрыд, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці, у ёй задзейнічаны адразу многа выхаванцаў. У швейнае атэлье «Буслік» прыходзяць «пакупнікі», ім прапануюць беларускае адзенне на любы густ, закройшчык здымае меркі, швачка шые, дзеці разлічваюцца ў касе надрукаванымі адмыслова для гэтых мэтаў грашамі – і ўвесь час размаўляюць па-беларуску. Дарэчы, падчас старонкі «Уступнай» Алена Аляксандраўна ў сваім выступленні аналізавала ўмовы, неабходныя для паспяховай арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове з дзецьмі дашкольнага ўзросту, прывяла шмат цікавых прыкладаў.

Падчас рэфлексіі госці адзначылі цёплую атмасферу сустрэчы, расказалі, чаму навучыліся, і амаль аднагалосна падкрэслілі, што зноў упэўніліся, якой мілагучнай, прыгожай, дасціпнай з’яўляецца родная мова і як важна ўсімі магчымымі сродкамі данесці гэта да маленькіх выхаванцаў.

Алена Віктараўна Кандраценя, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме, падвяла вынікі Дня педагагічнага работніка ўстановы дашкольнай адукацыі і падзякавала ўсім за плённую працу.

 

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/luban-ru/view/padzjalilisja-sakretami-prafesijnaga-majsterstva-11021/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"