Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

Узорны фальклорны ансамбль «Верабейкі» Любанскага раённага Цэнтра культуры на мінулым тыдні адсвяткаваў свой 25-гадовы юбілей з часу стварэння

 
 Гады праляцелі – не адно пакаленне дзяцей з творчага калектыву вырасла, разляцеліся дзяўчаты і хлопцы, нібы птушкі з гнязда. Нязменным застаецца толькі кіраўнік «Верабейкаў» Сяргей Выс-кварка. Менавіта Сяргей Георгіевіч быў вядучым святочнай праграмы, што адбылася з нагоды юбілею яго дзецішча ў раённым Цэнтры культуры. Падчас асноўнай дзеі «Верабейкі» ў прыгожых нацыянальных строях прадэманстравалі ўменне выконваць народныя танцы. Выступілі розныя ўзроставыя групы, ад малых да дарослых, хараводзілі разам. І сам кіраўнік калектыву прыняў удзел у некалькіх каленах – даў майстар-клас. Сяргей Георгіевіч – прафесіянал у сваёй справе, шмат гадоў узнаўляе з небыцця і ашчадна захоўвае народныя традыцыі, асаблівасці любанскай культуры. У дзяцей ён выхоўвае павагу да спадчыны продкаў. За шматгадовую плённую працу аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама ўручыў яму Ганаровую грамату. Узнагароды атрымалі і акампаніятары – Васіль Семашкевіч і Мікалай Юніцкі. Дыпломамі былі адзначаны некаторыя выхаванцы з «Верабейкаў», што для большасці з іх стала прыемным сюрпрызам.

У дзень святкавання юбілею ўдзельнікі ўзорнага фальклорнага ансамбля прынялі вялікую колькасць віншаванняў: ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, работнікаў РЦК, протаіерэя Аляксандра Драгуна, Любанскага музея народнай славы, дзіцячай школы мастацтваў. Усяго найлепшага зычылі і падарылі свае музычныя нумары беларусы з суседняй краіны – фальклорны гурт «Жэмэрва» з Польшчы і іншыя.


 Думаецца, гледачы атрымалі сапраўдную асалоду і задавальненне не толькі ад праграмы, але і ад атмасферы дабрыні, што ўсталявалася на свяце. Не абышлося, канечне, і без юбілейнага каравая, прысмакаў, сувеніраў, кветак.

 У сваю чаргу і мы, работнікі раёнкі, жадаем Сяргею Георгіевічу і яго выхаванцам смела ісці наперад, спасцігаць новае, нязведанае. задавальнення вам ад працы, новых творчых поспехаў, удачы і цікавых гастроляў!

 

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/kultura-news-ru/view/uzorny-falklorny-ansambl-verabejki-ljubanskaga-raennaga-tsentra-kultury-na-minulym-tydni-adsvjatkavau-svoj-10650/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"