А пасля сцэна дзіцячай школы мастацтваў належала творчым калектывам. Яны на працягу паўтары гадзіны дзяліліся сваімі набыткамі. Так сталася, што ансамблі сябруюць ужо не першы год. А творчыя зносіны ўдзельнікаў даюць свой плён. Перыядычна «Кросны» бываюць на Любаншчыне з канцэртамі. І нават удзельнічаюць у нашым фестывалі «Каляднае сузор’е фальклору». У склад ансамбля, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Вольга Трамбіцкая, уваходзяць выкладчыкі каледжа, улюбёныя ў музыку. Яны прафесійна спалучаюць педагагічную дзейнасць з выканальніцкай. За час існавання (а гэта сем гадоў) калектыў набыў індывідуальны сцэнічны вобраз, стварыў свой рэпертуар. А ён, да слова, уключае творы сучасных кампазітараў (айчынных і замежных), музычныя апрацоўкі беларускіх, рускіх, украінскіх, малдаўскіх мелодый. Аўтарскія арыгінальныя кампазіцыі ансамбля раскрываюць непаўторны каларыт народнай творчасці розных краін. І ў тым любанчане, якія завіталі на канцэрт, змаглі ўпэўніцца, што называецца, наяве. «Кросны» парадавалі добрай музыкай, якая ўскалыхвала таемныя струны душы, клікала пайсці ў скокі, а часам прымушала хутчэй біцца сэрцы ад нейкіх узнёслых пачуццяў.
Не менш прыгожыя кампазіцыі выканалі і ўдзельнікі нашага калектыву «Рытм часу». Сугучна гучалі інструменты падчас сумеснага выступлення ансамбляў.