Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

Сёлета народны ансамбль народнай песні «Ярыца» адзначыў 25-годдзе

Любаншчына – адметны, непаўторны, песенны край. Пра гэта сведчыць тое, што на тэрыторыі раёна дзейнічаюць 49 вакальных фарміраванняў рознага кшталту: 14 дзіцячых і 35 дарослых. Яркай зоркай сярод іх ужо 25 год ззяе народны ансамбль народнай песні «Ярыца», радуе прыхільнікаў сваёй творчасці.

Яго гісторыя пачалася ў 1995 годзе, калі маладыя дзяўчаты, галасістыя, задорныя, таленавітыя, а галоўнае, з вялікім жаданнем несці людзям прыгажосць народнай песні, дарыць радасць, стварылі сваю музычную групу і назвалі яе «Ярыца». Напачатку калектыў узначаліла Таццяна Сцепановіч, і неяк само сабой вырашылася, што аснову рэпертуару складуць менавіта народныя песні, толькі гучаць яны будуць па-новаму, свежа, ярка, звонкагалоса, у сучаснай апрацоўцы. І хоць прыгажуні выканаўцы ў асноўным не мелі музычнай адукацыі (большасць з іх па адукацыі педагогі), адразу зачаравалі гледачоў маладой энергіяй, бадзёрым настроем, незвычайным аптымізмам. Мабыць, таму ўжо праз год калектыву было прысвоена званне «народны» (у 2019 пацвердзілі найменне).


З самага пачатку ансамбль адрозніваўся непаўторнасцю кожнага песеннага нумару, харэаграфічнымі пастаноўкамі, якія прыдумвалі самі спявачкі. Склад калектыву час ад часу змяняўся, аднак стыль, манера выканання, традыцыі заставаліся нязменнымі. І гэта, безумоўна, дзякуючы ўдзельнікам, што стаялі ля вытокаў і зараз працягваюць займацца любімай справай. Чвэрць стагоддзя спяваюць Святлана Драбудзька, Анжэла Вялічка, Іна Усік, з перапынкамі наведваюць самадзейны калектыў Вольга Гарэлька і Ала Хмыльніна, крыху пазней далучылася Алена Хадароўская.

Не так даўно «Ярыцу» ўзначаліла Вольга Гарэлька, чалавек высокай творчай думкі, выдатны арганізатар, адрозніваецца незвычайнай працаздольнасцю, добрым мастацкім густам. Любоў да народнай песні ў свой час прывяла яе ў Мінскае вучылішча мастацтваў, дзе яна набыла спецыяльнасць «кіраўнік народнага хору». Менавіта Вольга Рыгораўна падбірае рэпертуар, які адрозніваецца сваёй разнастайнасцю. Гэта і мясцовыя фальклорныя песні, і народныя беларускія, украінскія, рускія, і сучасныя эстрадныя кампазіцыі, якія даспадобы і старэйшаму пакаленню, і моладзі. Таксама піша партытуру шматгалосся (усе песні гучаць на чатыры галасы).

– За шматлікія гады мы сталі адной дружнай, зла-джанай сям’ёй, – дзеліцца ўражаннямі Святлана Драбудзька. – «Ярыца» для нас тая аддушына, дзе мы можам забыць пра свае клопаты, праблемы. Два разы на ты-дзень, а калі рыхтуемся да выступленняў, то і часцей спяшаемся на рэпетыцыі. Мы сталі сяброўкамі, аднадумцамі, і ў кожнай з нас свая місія. Напрыклад, Ала Мікалаеўна – сумленне калектыву. Яна моўчкі слухае, а калі сказала сваё слова – падвяла рыску. Іна Генадзьеўна наладжвае сувязі з грамадствам, ёй выказваем заўвагі, пажаданні. Анжэла Іванаўна – псіхолаг, адказвае за спрыяльны мікраклімат у калектыве, заўсёды можа прапанаваць псіхалагічную разрадку. Алена Анатольеўна – арганізатар, касцялянша, як мы яе называем, нясе адказнасць за касцюмы: усе яны выпрасаваны, акуратна складзены. А яшчэ яна падкажа, як выйсці на сцэну, правільна стаць. Апошняе слова ўсё ж за мной. Па-першае, я старэйшы член ансамбля, па-другое, так як у нас няма прадстаўнікоў моцнай паловы, выконваю мужчынскія партыі, спяваць даводзіцца басам. Таму як сказаў мужчына, так і будзе.

Залаты састаў «Ярыцы» (справа налева): Святлана ДРАБУДЗЬКА, Ала ХМЫЛЬНІНА, Іна УСІК, Вольга ГАРЭЛЬКА, Анжэла ВЯЛІЧКА, Алена ХАДАРОЎСКАЯ.

Народны калектыў сыскаў народную любоў і прызнанне не толькі жыхароў нашага раёна, але і далёка за яго межамі. Не абходзіцца без «Ярыцы» ніводнае раённае свята. Выступленні, прысвечаныя разнастайным падзеям, урачыстасцям – ушанаванне перадавікоў народнай гаспадаркі, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, Новы год, Дажынкі і інш., – сустракаюцца ўдзячнымі гледачамі бурнымі апладысментамі. З захапленнем успрымаюцца канцэртныя нумары на абласных і рэспубліканскіх форумах, а таксама ва Украіне і Расіі. З апошніх хочацца назваць удзел у «Дажынках-2020», што ладзіліся ў Чэрвені, а таксама на рэспубліканскім свяце «Александрыя збірае сяброў». Яркія, запамінальныя вобразы, прыгожыя ўбранні выдзялялі нашых артыстаў сярод прысутных. Дарэчы, асаблівае захапленне вызываюць сцэнічныя касцюмы, якіх за гады існавання набыта шмат. Дзяўчаты самі прыдумваюць фасоны для канцэртных сукенак, самі аздабляюць вышыўкай. Трэба дадаць, што Вольга Рыгораўна сама добра шые і займаецца дэкорам. У апошні час змайстравала незвычайныя галаўныя ўборы –шыкоўныя вянкі.

Алена Брагінец, мастацкі кіраўнік Любанскага РЦК, дае калектыву высокую ацэнку:

– Творчы склад «Ярыцы» –залаты фонд мастацкай самадзейнасці раёна. Яе ўдзельнікі, самыя творчыя, самыя крэатыўныя, па першым поклічы адгукаюцца на ўсе прапановы. Яны пастаянныя вядучыя і суаўтары многіх мерапрыемстваў. Цудоўныя актрысы, валодаюць сцэнічным майстэрствам, таму з лёгкасцю пераўвасабляюцца ў любыя вобразы, выступаюць у шматлікіх тэатралізаваных прадстаўленнях і шэсцях. Калектыў расце, развіваецца, але не губляе маладой энергіі. Ім па плячы любы рэпертуар. Бязмежна любім, ганарымся, дзякуем за адданасць і вернасць мастацтву.

І сёння народны ансамбль не збіраецца пачываць на лаўрах. Ён поўны сіл і энергіі. Знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Зараз разам з творчымі калектывамі «Егоза», «Напарачка», «Карамелькі», а таксама аматарскім аб’яднаннем «Кулітка» рыхтуецца да абласнога конкурсу «Напеў зямлі маёй», што пройдзе ў снежні ў Мар’інай Горцы. У рамках гэтага ажыццяўляецца праект «Беларускае золата» – вакальна-харэаграфічная імпрэза з абрадавымі дзеяннямі, дзе галоўная дзеючая асоба – хлеб. Пажадаем поспехаў землякам.

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/kultura-news-ru/view/seleta-narodny-ansambl-narodnaj-pesni-jarytsa-adznachyu-25-goddze-15268/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"