Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

Вучні Сароцкай школы здзейснілі вандроўку па Любаншчыне

У адзін з восеньскіх дзён вучні Сароцкай школы накіраваліся ў вандроўку па Любаншчыне, каб лепш пазнаёміцца з непаўторным родным краем, дзе кожны куток  дыхае спадчынай мінулага.


У вёсцы Шыпілавічы ўзгадалі імя слыннага сына нашага краю, этнографа Паўла Шпілеўскага, які адкрыў у сваіх творах народам Еўропы звычкі, традыцыі, самабытную культуру беларусаў. Далей узялі кірунак на пасёлак Чырвоная Паляна. Падчас шляху вучні ўважліва слухалі аповед пра партызанскі рух у нашым краі. Узгадалі атрады імя Неўскага, Сільніцкага, Гарбачова, Кутузава, “Камсамолец”, што ўваходзілі ў склад брыгады №25 імя Панамарэнкі. А штаб яе знаходзіўся на востраве Зыслаў.



Нарэшце аўтобус спыніўся ля памятнага знака ў п. Чырвоная Паляна. Менавіта ў тым месцы праз месяц з пачатку Вялікай Айчыннай адбыўся сход актыву нашага раёна. На ім сакратар Мінскага падпольнага абкама партыі Васіль Казлоў акрэсліў  задачы па арганізацыі партызанскага і падпольнага руху. Уважліва слухалі навучэнцы і тое, як тут восенню 1941-га, падчас вяртання з чарговага задання з г.Асіповічы, трапіў у рукі карнікаў паранены сакратар абкама партыі Аляксей Брагін. У час допыту ў в. Турок мужны патрыёт зрабіў спробу вырвацца з палону, але варожая аўтаматная чарга скасавала яго жыццё ў трыццацішасцігадовым узросце.


У гістарычным музеі “Сосны мае, Сосны” мясцовай школы дзеці даведаліся, што 95 гадоў таму назад упершыню ў рэспубліцы на асушаных балотах быў заснаваны саўгас “10 год БССР”. А ў 1967-м ён удастоены ордэна Леніна. Шэсць працаўнікоў за руплівую і самаадданую працу атрымалі званне Герояў Сацыялістычнай Працы, многія адзначаны іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Узнальваў гаспадарку ў тыя гады Мікалай Захаравіч Кавалеўскі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, якому за высокі прафесіяналізм прысвоена званне заслужаны ветурач БССР.


Наступным прыпынкам для ўдзельнікаў экскурсіі стаў музей меліярацыі ў вёсцы Камуне, дзе ўведалі пра экспедыцыю Іосіфа Жылінскага, асушэнне балот,  арганізацыю і дзейнасць калгаса імя БВА, жыццёвы і працоўны шлях першых камунараў: Эмануіла Модзіна, Цімафея Анісімава, Зміцера Каленчанка. Пабывалі яшчэ каля памятнага знака з нагоды заснавання ў вёсцы чырванаармейскай Камуны ў 1929 г. і стагоддзя з дня нараджэння першага старшыні яе Эмануіла Модзіна, Героя Сацыялістычнай Працы, і ля мемарыяльнай дошкі, якая сведчыць, што з 1952 па 1960 год гаспадаркай кіраваў член партыі бальшавікоў з 1917 года, удзельнік трох войнаў, Герой Сацыялістычнай Працы Цімафей Смірноў.


Вучні, безумоўна, шмат пачарпнулі і асэнсавалі, што пры іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі, калі яны будуць памятаць гістарычныя падзеі і людзей, што іх здзяйснялі, нашу краіну і яе жыхароў чакае светлая будучыня.


Анатоль Вялічка, кіраўнік гістарычнага музея “Сарачы”.

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/god-ru/view/vuchni-sarotskaj-shkoly-zdzejsnili-vandrouku-pa-ljubanshchyne-19153/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"