Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

Год гістарычнай памяці ў СШ №3 насычаны адметнымі падзеямі, цікавымі мерапрыемствамі

З апошніх – тэматычныя экскурсіі для вучняў  8-11 класаў  “Этнограф роднага краю”, праведзеныя ў новым музеі ”Любаншчына літаратурная”, дзе сабраны грунтоўны і разнастайны матэрыял пра творцаў нашага краю, пісьменнікаў і паэтаў, даследчыкаў роднага слова. Сярод іх пачэснае месца адведзена нястомнаму публіцысту, выдатнаму фалькларысту, даследчыку народнай культурнай спадчыны Паўлу Шпілеўскаму.

З яго творчасцю, жыццёвым шляхам і пазнаёміліся старшакласнікі. Уведалі, што  будучы літаратурны дзеяч з’явіўся на свет у вёсцы Шыпілавічы  12 лістапада 1823 года ў сям’і святара  Міхаіла  Шпілеўскага. Вучыўся  ў духоўнай семінарыі ў Мінску, потым у Пецярбургу. Атрымаўшы званне кандыдата багаслоўя, некаторы час служыў на Барысаўшчыне.  Аднак хутка адмовіўся ад духоўнага сана і прысвяціў сябе справе, якая была больш па душы:  даследаванню фальклору і этнічнай культуры беларусаў. Наш зямляк падрыхтаваў  шмат прац, большасць з якіх прысвечана этнаграфіі роднага краю. З дзяцінства ён быў улюбёны ў народную культуру, таму і збіраў яе па крупінках. Легенды, паданні, казкі, самабытныя мясцовыя словы – усё цікавіла Шпілеўскага.

Свой першы этнаграфічны артыкул ”Белорусские поверья” пад  псеўданімам  П. Драўлянскі ён выдаў яшчэ ў студэнцкія гады, даў апісанне 52 прыродна-паэтычных увасабленняў.  Аўтар сведчыў:  ”У простым народзе беларускіх губерняў  можна знайсці многа звычаяў, ігрышчаў, абрадаў, прыгаворак…”

Пазней з-пад пяра творцы выйшлі  ”Даследаванні  аб ваўкалаках на аснове беларускіх паданняў”, “Вясельная абраднасць у засцянкоўцаў Віцебскай губерні”, ”Вандроўка  па Палессю і беларускім краю”, “Беларусь у характарыстычных апісаннях і чарадзейных яе казках”, “Словарь белорусского наречия” і іншыя працы, у якіх адлюстраваны шматграннасць роднай мовы, традыцый і абрадаў.

Па словах рабят, ім экскурсія прыйшлася даспадобы. Яны ўсведамілі, якую значную ролю наш зямляк адыграў у сцвярджэнні самабытнасці нацыянальнай культуры беларусаў.  І хаця лёс адмерыў яму толькі 38 гадоў, за гэты час ён паспеў нямала.  Здолеў паказаць унікальнасць  культуры  Беларусі і сваёй  малой радзімы.

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/god-ru/view/god-gistarychnaj-pamjatsi-u-ssh3-nasychany-admetnymi-padzejami-tsikavymi-merapryemstvami-19314/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"