Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

У дзіцячай школе мастацтваў 12 студзеня адбыліся асветніцкія чытанні Любанскага благачыння

Ладзяцца яны ў нашым раёне, ужо па традыцыі, у час святкавання Нараджэння Божага. Іх мэта – выхаванне насельніцтва на аснове традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцей.

Пачалося мерапрыемства, як заўсёды, з малебна, які адслужыў благачынны Любанскай царкоўнай акругі, настаяцель храма Праабражэння Гасподняга протаіерэй Аляксандр Драгун. А песнапенні выканаў хор пад кіраўніцтвам Валянціны Лагун. Затым айцец Аляксандр распавёў пра гісторыю Нараджэння Хрыстова, яго духоўнае значэнне. Са з’яўленнем Сына Божага, зазначыў ён, свет здабыў надзею, вечную любоў. І сёння свята Раства нагадвае нам пра самае галоўнае, пра тое, што неабходна верыць і любіць Таго, хто дараваў выратаванне ўсім народам і на ўсе часы, хто і цяпер працягвае свае абдымкі да кожнага з нас. Нагадаў благачынны і пра тое, наколькі важна прытрымлівацца евангельскіх запаведзяў, каб выстаяць перад сучаснымі выклікамі, утрымацца ад злых спраў і думак.

З цікавасцю слухалі ўдзельнікі чытанняў і выступленне іерэя Андрэя Еўшаля, настаяцеля храма Казанскай іконы Божай Маці. Ён распавёў як святкуюць Каляды ў розных краінах свету. Напрыклад, у Грэцыі прынята ўпрыгожваць замест ёлкі караблікі. А на святочным стале ў мясцовых жыхароў прысутнічаюць хрыстопсамо — хлеб Хрыста, гранаты як сімвал багацця і ўрадлівасці. У Польшчы гаспадыні рыхтуюць па дванаццаць страў (па ліку апосталаў), і прысутныя павінны абавязкова паспытаць кожную. Пад абрус на стале кладуць крыху сена ў напамін пра тое, што некалі Іісус ляжаў у яслях. Нараджэнне Хрыстова ў эфіопаў называецца «Ганна». Святкаванне яны пачынаюць з наведвання храма. Прычым перад уваходам кожны з запаленай свечкай павінен абыйсці яго тройчы. Жанчыны і мужчыны моляцца асобна: прадстаўнікі прыгожай паловы справа, а моцнай – злева. А пасля збіраюцца на сумесную трапезу. Свае асаблівасці і звычаі ўслаўлення вялікага свята існуюць і ў Японіі, Бразіліі, іншых краінах. І хаця практычна ўсюды яно лічыцца сямейным, усё ж такі, падкрэсліў  айцец Андрэй, важна ў гэты дзень наведаць храм, каб пакланіцца, памаліцца Богу, умацаваць сваю веру. 

Завяршыліся духоўна-асветніцкія чытанні вялікай канцэртнай праграмай навучэнцаў Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча,  вучняў і педагогаў Любанскай ДШМ, выхаванцаў сямейнай студыі эстэтычнага развіцця «Art-Junior» раённага цэнтра культуры.

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/duchovnost-ru/view/u-dzitsjachaj-shkole-mastatstvau-12-studzenja-adbylisja-asvetnitskija-chytanni-ljubanskaga-blagachynnja-15553/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"