Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

На Любаншчыне адбыўся хрысціянскі дыялог па надзённых тэмах

Не важна да якой канфесіі ты адносішся, галоўнае для ўсіх хрысціян – разуменне таго, што Бог – гэта любоў, Бог любіць кожнага чалавека. На гэтай думцы сышліся ўдзельнікі дыялогу, які адбыўся ў нядзельнай школе пры храме Праабражэння Гасподняга ў Любані.

Настаяцель яго, благачынны нашай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Драгун зазначыў, што даўно намерваўся арганізаваць такую сустрэчу, каб выслухаць розныя думкі наконт духоўнай асветы насельніцтва, выканання запаведзяў Божых. А зараз, па яго словах, якраз наспела неабходнасць. Сучасная рэчаіснасць такая, што вакол шмат непаразумення, гвалту, злосці, супярэчнасцяў. Чаго быць не павінна.

Сабраліся на дыялог прадстаўнікі каталіцкай царквы (з Салігорска), хрысціян Веры Евангельскай, баптыстаў з Атраднага, Соснаў 1, Урэчча, Любані. І кожны з іх распавёў пра тое, як праводзяцца богаслужэнні, на якой мове, як даносіцца да прыхаджан Евангелле і інш. Паразважалі пра сучасныя падыходы работы з моладдзю, пра стаўленне да так званага “грамадзянскага” шлюбу і г.д. Прысутныя прыводзілі прыклады з жыцця, аналізавалі розныя сітуацыі, а пасля падсумавалі: галоўная мэта законнага шлюбу – мужчыне і жанчыне зрабіць шчаслівымі адзін аднаго і сваіх крывінак. А ў “грамадзянскім” шчасце цяжка знайсці. У аснове яго, упэўнены свяшчэннаслужыцелі,  ляжыць не каханне, а недавер, няўпэўненасць.  І такія адносіны вельмі рэдка прыводзяць да загсу. А ў выніку пакутуюць у такой сітуацыі больш за ўсё жанчыны і дзеці.

Не мінулі ўдзельнікі сустрэчы надзённую тэму COVID-19. Як было зазначана, ва ўсіх храмах і абшчынах захоўваюцца і практычныя рэкамендацыі, і тыя, што датычаць царкоўнага жыцця. Падчас служб выконваюцца меры прафілактыкі (масачны рэжым, дыстанцыя, выкарыстанне антысептыкаў). Вернікі ў штодзённай малітве просяць Бога за медыкаў, якія ратуюць пацыентаў, і за хворых, каб хутчэй падужэлі, акрыялі ад немачы.

Зразумела, не можа не трывожыць духавенства і тая сітуацыя, якая склалася сёння ў краіне. “Мы перажываем не лепшы час, але павінны прасіць ва Усявышняга моцы і разумення, каб вытрымаць усе выпрабаванні, супрацьстаяць знешнім выклікам і пагрозам, каб у нас ізноў усталяваліся мір і спакой”, – падкрэсліў айцец Аляксандр. І з ім згадзіліся ўсе прысутныя. Падзяліліся, як вядуць размовы на гэты конт са сваімі прыхаджанамі, асабліва маладымі, як пераконваюць у тым, што трэба быць памяркоўнымі, разважлівымі.

Шмат гаварылі пра веру, якая здольна выратаваць чалавека. Але яна абавязкова павінна быць падмацаваная справамі. Таму неабходна рабіць добрыя ўчынкі, дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, любіць бліжніх і шчыра маліцца, сэрцам.

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/duchovnost-ru/view/na-ljubanshchyny-adbyusja-xrystsijanski-dyjalog-pa-nadzennyx-temax-15319/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"