Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

Адбыліся другія Калядныя чытанні Мінскай мітраполіі, ў якіх прынялі ўдзел і прадстаўнікі Любаншчыны

550-годдзе з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці, 500-годдзе заснавання Жыровіцкага манастыра, а таксама 800-годдзе святога князя Аляксандра Неўскага сталі тэмамі для абмеркавання  на другіх Калядных чытаннях Мінскай мітраполіі.

Улічваючы няпростую эпідэміялагічную сітуацыю, мерапрыемства праходзіла ў фармаце відэаканферэнцыі на базе абласной і рэгіянальных студый. Прадстаўнікі Любаншчыны – педагогі, бібліятэкары і г.д. – на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Тамарай Дамашэвіч і благачынным царкоўнай акругі протаіерэем Аляксандрам Драгунам з цікавасцю паглядзелі прапанаваныя відэафільмы і прэзентацыі, паслухалі выступленні па вызначаных тэмах.

А пачаліся чытанні, як усякая добрая справа па хрысціянскай традыцыі, з малітвы. Пасля чаго слова ўзяла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Таццяна Хмель. У сваім прывітанні да ўдзельнікаў яна зазначыла, што з кожным годам дадзенае мерапрыемства прыцягвае да сябе ўсё больш увагі. Яно стала пляцоўкай для абмеркавання актуальных праблем, звязаных з выхаваннем і асветай насельніцтва, асабліва моладзі. Часам маладыя людзі губляюць пачуццё патрыятызму, несур’ёзна ставяцца да сямейных каштоўнасцяў, не вельмі цікавяцца гісторыяй, мастацтвам, літаратурай, “сябруюць” з дрэннымі звычкамі. Таму важна прыкласці ўсе намаганні, каб змяніць іх арыенціры. І Калядныя чытанні якраз-такі з’яўляюцца важным звяном выхаваўча-адукацыйнага працэсу, што дапамагае захоўваць і пашыраць хрысціянскія каштоўнасці ў грамадстве.

Выступіў з прамовай таксама і ўладыка Веніямін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Патрыяршы экзарх усяе Беларусі. А далей увазе прысутных у студыях былі прадстаўлены грунтоўныя даследаванні па гісторыі Жыровіцкай іконы Божай Маці, Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра, пра жыццёвы шлях і духоўны подзвіг святога князя Аляксандра Неўскага. У прыватнасці, названы манастыр з’яўляецца адным з галоўных цэнтраў беларускага праваслаўя і найбуйнейшых у краіне архітэктурных ансамбляў XVII-XVIII стагоддзяў. А жыровіцкая ікона Божай Маці уваходзіць у лік найбольш шануемых ікон.

Пасля цікавых аповядаў некаторыя з прысутных падзяліліся вопытам узаемадзеяння з рэлігійнымі арганізацыямі рэгіёну ў справе духоўна-маральнага выхавання насельніцтва. Шмат змястоўных праектаў па духоўнай асвеце,  здаровым ладзе жыцця, дабрачыннасці і г.д. рэалізуецца сумесна з прадстаўнікамі благачынняў, напрыклад, на Салігоршчыне і Маладзечаншчыне. Там наладжана плённае супрацоўніцтва устаноў культуры і адукацыі з царквой. Арганізоўваюцца сумесныя мерапрыемствы, што накіраваны на фарміраванне асобы, патрыятычнае выхаванне, падтрымку сацыяльна-неабароненых катэгорый жыхароў.

Завяршыліся чарговыя Калядныя чытанні падпісаннем праграмы супрацоўніцтва епархій Мінскай мітраполіі і галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. Дакументам вызначаны задачы на ​​будучыню, выкананне якіх дасць новы імпульс ўзаемадзеянню паміж органамі ўлады і Беларускай праваслаўнай царквой.

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/duchovnost-ru/view/adbylisja-drugija-kaljadnyja-chytanni-minskaj-mitrapolii-u-jakix-prynjali-udzel-i-pradstauniki-ljubanshchyny-15386/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"