Версия для печати
Размер шрифта
+
Фото
Печать

У напружаным рытме працуе калектыў аддзялення хуткай дапамогі Любанскай ЦРБ

 
З сезонным ростам захворванняў на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі ў рэгіёне павялічылася інтэнсіўнасць работы медыкаў.

У больш напружаным рытме працуе зараз калектыў аддзялення хуткай дапамогі Любанскай ЦРБ. За суткі паступае да 35–40 выклікаў, і большасць з іх якраз-такі ад пацыентаў з тэмпературай і сімптомамі ВРІ.

– Мы спяшаемся да кожнага, – падзялілася фельчар «хуткай» Жанна Рэўтовіч. – Каб аказаць неабходную дапамогу. Па прыбыцці ацэньваем стан хворага і сур’ёзнасць сітуацыі. Пасля чаго прымаем рашэнне: патрэбна дастаўляць у ЦРБ альбо не. Кожны выклік як экзамен. І здаць яго на нездавальняюча ні ў якім разе нельга, бо на кону чыёсьці здароўе, а, магчыма, і жыццё.

Нягледзячы на ўсе складанасці абранай прафесіі, Жанна Эдуардаўна ні разу ў ёй не расчаравалася. А прывяло жанчыну ў медыцыну імкненне дапамагаць людзям. Гэта жаданне ўзнікла яшчэ ў дзіцячыя гады. І пасля школы ўраджэнка Случчыны без разваг накіравалася ў медвучылішча. А потым у 1989 г. па размеркаванні прыехала ў Любань. З таго часу нязменна працуе тут у аддзяленні хуткай дапамогі. Што называецца, прыжылася – і ў горадзе, і ў калектыве ЦРБ.

Апошнія сем гадоў Жанна Рэўтовіч робіць у адной брыгадзе з Кацярынай Лекуновіч. Любанчанка скончыла Слуцкі медыцынскі каледж у 2004-м. Спачатку працавала ў дзіцячым аддзяленні. А пасля дэкрэтнага адпачынку прапанавалі месца ў «хуткай». Кацярына згадзілася. І ніколькі пра тое не шкадуе.

За гады работы ў аддзяленні, якое, можна сказаць, заўсёды на перадавой, Жанна Эдуардаўна і Кацярына Аляксееўна пабачылі рознага, даводзілася сутыкацца з усякімі сітуацыямі. Кожная новая змена іх не падобная на папярэднюю. Здараецца і пацярпелых ратаваць у аварыях, і малых дзетак лячыць, і сталым людзям дапамагаць справіцца з гіпертанічным крызам, і інш.

– Патрэбна быць падрыхтаванымі да ўсяго, – упэўнены вопытныя фельчары, – каб у любым, нават самым экстранным, выпадку не разгубіцца. Калі стаў распаўсюджвацца Covid-19, напачатку, праўда, было страшнавата, – шчыра прызналіся яны. – Цяпер дабавілася ўпэўненасці, няма ранейшага псіхалагічнага напружання. Дзейнічаем згодна з пратаколам. На ўсе выклікі абавязкова едзем апранутыя ў ахоўныя касцюмы.

Па водгуках калег і пацыентаў, абедзвюм работніцам уласцівы чуласць, добразычлівасць, нераўнадушша, паважлівыя адносіны да кожнага і, канешне, высокая кампетэнтнасць. Яны пастаянна імкнуцца да ўдасканальвання ведаў і навыкаў. Акрамя спецыяльных курсаў, якія наведваюць кожныя пяць гадоў на базе сярэднеспецыяльных навучальных устаноў медыцынскага профілю Мінскай вобласці, семінараў-вучоб па розных захворваннях, займаюцца самаадукацыяй. Фельчары цікавяцца новымі напрамкамі і падыходамі ў лячэнні тых ці іншых хвароб, каб паспяхова прымяняць у сваёй дзейнасці.

На здымку: фельчары хуткай дапамогі (злева направа): Жанна Эдуардаўна Рэўтовіч і Кацярына Аляксееўна Лекуновіч у любую мінуту гатовы выехаць на выклік.

 

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://lluban.by/ru/covid-ru/view/u-napruzhanym-rytme-pratsue-kalektyu-addzjalennja-xutkaj-dapamogi-ljubanskaj-tsrb-15291/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна

Все права защищены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоука УП "БелТА"