У мясцовым Доме культуры іх сабралася даволі шмат. Усе жадалі агучыць наспелыя праблемы. А такіх, як высветлілася, нямала.
Некаторых жыхароў цікавіла пытанне прамыўкі сістэмы ацяплення ў шматкватэрных дамах. У сваю чаргу намеснік дырэктара ЖКГ Анатолій Серавокі растлумачыў, што неабходна з заявай звярнуцца ў жыллёва-камунальную гаспадарку, і спецыялісты арганізацыі выканаюць дадзены від работ. Аналагічны алгарытм дзеяння і пры запаветрыванні труб.
Трымальнікі пластыкавых картак скардзіліся на адсутнасць банкамата ў гарадку, і для зняцця наяўных грошай яны вымушаны накіроўвацца ў цэнтр гарпасёлка. Але вырашыць станоўча гэты запыт не маецца магчымасці. Справа ў тым, што існуе нарматыў: банкамат разлічаны на абслугоўванне пэўнай колькасці пластыкавых картак. У гарадку столькі не налічваецца, таму ўстаноўка яго немэтазгодна, так як набыццё, абслугоўванне патрабуюць значных сродкаў.
Узнімалася і пытанне пра неабходнасць аптэчнага кіёска. Яго паабяцалі вывучыць дадаткова і затым праінфармаваць насельніцтва.
У галоўнага ўрача Любанскай ЦРБ Андрэя Амшарука ўдзельнікі сустрэчы спыталі наконт капітальнага рамонту гарпасялковай бальніцы. Андрэй Іванавіч адказаў, што практычна кожны год там праводзяцца бягучыя работы. А сродкі на капрамонт не запланаваны ў бюджэце. І ўвогуле на сучасным этапе, па словах А.І. Амшарука, стаўка робіцца на аказанне выязной медыцынскай дапамогі. У некаторых раёнах вобласці паспяхова апрабаваны пілотны праект перасоўных ФАПаў, якія працуюць не толькі ў буднія дні, а і ў выхадныя. Надалей такая практыка будзе ўкараняцца і ў іншых рэгіёнах.
Незадаволенасць выказалі некалькі грамадзян наконт закрыцця аднаго аддзялення лазні ў гарадскім пасёлку. Аднак іх запэўнілі, што на якасці абслугоўвання гэта ніяк не паўплывала. Колькі раней чалавек яе наведвалі, столькі і цяпер. А вось расходы скараціліся.
Агучваліся і пытанні наконт пашырэння асартыменту прамысловых тавараў у мясцовых магазінах, рамонту дамоў, адстрэлу бадзячых сабак, павелічэння парковачных месцаў, вырубкі сухіх дрэў і іншыя. Усе яны будуць прапрацаваны адказнымі за гэта службамі, і заяўнікі атрымаюць грунтоўныя тлумачэнні.