Трэба
сказаць, што такая практыка існуе даволі даўно, і ў савецкія часы была вельмі
распаўсюджана. Людзі з разуменнем ставіліся да гэтага і рабілі свае, так бы
мовіць, добраахвотныя ўзносы з поўнай упэўненасцю, што пасля на сабраныя сродкі
будзе выкананы адпаведны аб’ём работ на тэрыторыі сельскага савета.
Актуальным
самаабкладанне застаецца і зараз. На добраўпарадкаванне ў нашым рэгіёне, як і ў
краіне ў цэлым, у апошняе дзесяцігоддзе затрачваюцца немалыя грошы.
Абуладкоўваюцца дзіцячыя пляцоўкі, дваровыя тэрыторыі, дарогі, зносяцца старыя
пустуючыя дамы і г.д. Такім чынам наводзіцца парадак на зямлі, у родным краі. І
кожнаму з нас прыемна бачыць, як адбываюцца станоўчыя змены вакол, прыгажэе
Любаншчына, наш агульны дом. Але трэба разумець, што не на ўсё хапае сродкаў у
бюджэце. І любая, нават невялікая дапамога, заўсёды дарэчы.
Таму
сельвыканкамы і праводзяць работу з насельніцтвам. Падчас сходаў вядуць
грунтоўныя гутаркі, растлумачваюць неабходнасць добраахвотных укладанняў,
раяцца пра тое, на якія мэты ў першую чаргу трэба расходаваць грошы. Асабліва
плённа ў дадзеным накірунку працуюць калектывы Соснаўскага і Малагарадзяціцкага
сельскіх Саветаў. За мінулы год іх пазабюджэтны даход склаў адпаведна 2 135 і 1 910 рублёў.
Як
зазначыла старшыня Соснаўскага сельвыканкама Алена Кавальчук, большасць
вяскоўцаў неабыякава ставіцца да малой радзімы і ўспрымае самаабкладанне як
магчымасць унесці пасільны ўклад у яе добраўпарадкаванне. А ўсе сабраныя грошы
і ідуць якраз- такі на гэта. У апошнія гады яны накіроўваюцца выключна на
навядзенне парадку на грамадзянскіх могілках. «Наш святы абавязак – аддаваць
даніну павагі тым, хто адышоў у нябыт, – лічыць Алена Мікалаеўна. – Вось, як кажуць, «усім мірам» і займаемся
гэтым». Некалькі раней на могілках на тэрыторыі Соснаўскага сельсавета
ўстанавілі новую агароджу, а летась і пазалетась актыўна займаліся выразкай
старых аварыйных дрэў. Звыш 200 іх прыбралі толькі ў Загаллі, а яшчэ працавалі
на месцах пахавання ў Жывуні і Баянічах. Жыхары, вядома ж, станоўча ацэньваюць
такую работу і ў сваю чаргу стараюцца дапамагчы: акрамя здачы добраахвотных
узносаў, удзельнічаюць у суботніках.
На бягучы
год у планах, па словах А.М. Кавальчук, працягнуць дзейнасць у гэтым накірунку:
далей убіраць сухія дрэвы, устанавіць на ўваходах вароты і веснічкі. А пры
фінансавай магчымасці яшчэ пафарбаваць агароджу на могілках у в. Загалле.
Дарэчы, Алена Мікалаеўна вельмі ўдзячна жыхарам сельсавета за разуменне праблем і жаданне паспрыяць іх вырашэнню. А агульнымі намаганнямі, без сумнення, можна зрабіць шмат і многія набалелыя пытанні зняць з парадку дня. Толькі важна, каб гэта ўсведамлялі ўсе грамадзяне і не заставаліся ўбаку.