З гэтай нагоды ўжо трэці год запар Любанская раённая цэнтральная бібліятэка разам з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі правяла раённую гульню-віктарыну «Размаўляем па-беларуску».
Мерапрыемства накіравана на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне ў школьнікаў павагі і любові да роднага слова, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў. Сёлета ўдзел у ім прынялі 11 каманд вучняў школ раёна.
Гульня праходзіла ў вострай і напружанай барацьбе. Заданні датычыліся мовы, літаратуры, фальклору, этнаграфіі… Пытанні былі дастаткова складанымі, але каманды працавалі дружна і зладжана, рабяты дэманстравалі выдатныя веды роднай мовы.
Святочнасць мерапрыемству надавалі музычныя нумары выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў.
Па выніках гульні трэцяе месца заняла каманда «Беларусачка» навучэнцаў Атраднаўскай сярэдняй школы, другое – каманда «Лірнікі» (Тальскі дзіцячы сад – сярэдняя школа). Пераможцамі гульні стала каманда «Несцерка» ў складзе Ксеніі Васкевіч, Арыны Выскварка і Данііла Жарага – навучэнцаў Гімназіі №1 г. Любані. Напрыканцы ўсе ўдзельнікі свята атрымалі ўзнагароды.
Алена БУЛДЫК,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Любанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі.