У кожнай сям’і свае фінансавыя магчымасці, а любое дзіця, вядома, марыць пра тое, каб у яго былі прыгожыя алоўкі, сшыткі, стыльны ранец і г.д. Вось і аказваецца падтрымка рабятам са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў, а таксама тых, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Днямі, напрыклад, начальнік Цэнтра банкаўскіх паслуг №520 у г. Любані рэгіянальнай дырэкцыі па Мінскай вобласці адкрытага акцыянернага таварыства «Белаграпрамбанк» Віктар Панянкоў, дэпутат райсавета па Рачэнскай выбарчай акрузе №22, наведаўся да матулі з вёскі Забалаці Марыны Ралюк, якая выхоўвае траіх дзетак.
Самая малодшая яе дачушка Настачка яшчэ ў дзіцячым садку, старэйшая Вераніка пойдзе ў трэці клас, а вось для сына Сашы сёлета прагучыць першы званок.
Віктар Аляксандравіч павіншаваў рабят з новым навучальным годам, пажадаў ім поспехаў, моцнага здароўя і ўручыў канцылярскія прыналежнасці, спартыўныя, для творчасці.
І дзяўчынкі, і хлопчык, вядома, узрадаваліся такім падарункам.