Версія для друку
Памер шрыфту
+
Друк

Гасцявое свята «Любанскія гасціны» пройдзе 6 верасня ў Любанскім раёне

 
Яго наведаюць удзельнікі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Рэдкія і забытыя рамёствы: вопыт і праблемы ўзнаўлення і актуалізацыі». Канферэнцыя ладзіцца ў межах абласнога свята народных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы».

Праграма свята насычана мерапрыемствамі. У розных населеных пунктах Любаншчыны госці паглядзяць, як мясцовыя жыхары захоўваюць спадчыну продкаў.

У Жораўскім доме народнай творчасці ўдзельнікі свята змогуць пакаштаваць хлеб, выпечаны па традыцыйным рэцэпце сям’і Нагорных з вёскі Кузьмічы. Там жа іх запросяць наведаць выставу работ народных майстроў Беларусі з вёскі Закальное Наталлі Адзінец (выцінанка) і Святланы Адзінец (пляценне паясоў). А яшчэ госці змогуць пачуць абрадавыя песні ў выкананні гурта «Павалякі» з вёскі Обчын (мясцовай манеры выканання абрадавых песень, носьбітам і захавальнікам якой з’яўляецца гурт «Павалякі», нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці).

У вёсцы Камуне для ўдзельнікаў свята правядуць клубную экскурсію «Камунараўскія рамёствы». Яны пазнаёмяцца з дзейнасцю народнай майстэрні традыцыйнага ткацтва «Матрушка», гурткоў па пляценні лапцяў, вырабе традыцыйнай лялькі. Свае работы прадэманструюць народныя майстры Беларусі Галіна Сівіцкая (вышыўка) і Ірына Яскевіч (ткацтва).

Пазнавальная праграма «Кузьміцкія выкрунтасы» будзе ладзіцца ў вёсцы Кузьмічы. Народны майстар Беларусі (папяровая пластыка) Раіса Валькова раскрые сакрэты вырабу вясельных вянкоў. Дэфіле ў вясельных вянках, выстава вясковага адзення, рэканструкцыя часткі абраду «Русальная яешня», сустрэча з аўтэнтычным фальклорным гуртом «Хамеліха» (вёскі Кузьмічы і Канстанцінаўка), прэзентацыя дзейнасці аматарскага аб’яднання сучаснай вясковай кулінарыі «Кузьміцкія прысмакі» – гасцям відавочна будзе не да суму.

Фінішным акордам свята стане танцавальная праграма. Фальклорны калектыў «Напарачка» запросіць станцаваць падэспань, лявоніху, польку, кракавяк, каробушку і іншыя беларускія народныя танцы.

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://lluban.by/by/kultura-news-by/view/gastsjavoe-svjata-ljubanskija-gastsiny-projdze-6-verasnja-u-ljubanskim-raene-12314/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна Усе правы абаронены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоўка УП "БелТА"