Версія для друку
Памер шрыфту
+
Друк

Прайшлі чарговыя калядныя духоўна-асветніцкія чытанні Любанскага благачыння

Прайшлі чарговыя калядныя духоўна-асветніцкія чытанні Любанскага благачыння

Яны, як і ў папярэднія разы, атрымаліся змястоўнымі і цікавымі, сабралі ва ўтульнай зале дзіцячай школы мастацтваў шмат любанчан.


Звяртаючыся да ўдзельнікаў чытанняў з прывітальным словам, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Аляксеева павіншавала ўсіх з вялікім і светлым святам Нараджэння Хрыстова, пажадала веры, надзеі і любві. А таксама адзначыла, што размова пра важнасць ролі традыцыйных маральных каштоўнасцей не абмяжуецца толькі гэтым мерапрыемствам. Прадоўжыцца яна ва ўстановах адукацыі, у працоўных калектывах. Важна, каб і дзеці, і дарослыя разумелі – вечныя каштоўнасці ні чым нельга падмяніць, міласэрнасць, цярпенне, стойкасць веры і духу павінны быць асновай чалавечых думак, слоў і ўчынкаў.


Па традыцыі чытанні пачаліся з малебна, які адслужыў благачынны Любанскай царкоўнай акругі, настаяцель храма Праабражэння Гасподняга протаіерэй Аляксандр Драгун. Затым ён распавёў пра гісторыю, традыцыі Раства Хрыстова, агучыў розныя меркаванні і погляды навукоўцаў на гэты конт. Айцец Аляксандр зазначыў, што радасць нараджэння Сына Божага суправаджалася вялікім выпрабаваннем веры. Але Ён перамог, выратаваў свет… З таго часу мінула шмат стагоддзяў. Аднак кожны раз на гэта свята мы перажываем незвычайную ўрачыстасць, якая ўмацоўвае нашу веру ў дабро, напаўняе духоўнымі сіламі.


Настаяцель храма Казанскай іконы Божай Маці іерэй Андрэй Еўшаль паразважаў на тэму гендэрнай роўнасці. На сучасным этапе развіцця грамадства ўсталяванню яе надаецца вялікае значэнне, у тым ліку і на дзяржаўным узроўні – прымаюцца адпаведныя праграмы. У еўрапейскіх краінах такая тэндэнцыя намецілася даўно, заўважыў айцец Андрэй. Але ці павінны беларусы з іх укладам жыцця і традыцыямі імкнуцца да дасягнення гэндэрнай роўнасці? Свяшчэннаслужыцель прывёў шэраг доказаў, што не. Бог стварыў мужчыну абаронцам і здабытчыкам, жанчыну – захоўвальніцай і выхавальніцай. І гэта адрозненне існуе для таго, каб ім было цікава разам, каб маглі нараджаць і расціць дзяцей, каб была гармонія ў сямейных адносінах. У кожнага сваё прызначэнне, функцыі, і  параўнаваць іх немагчыма.


Пасля выступленняў прадстаўнікоў духавенства праведзена цырымонія ўзнагароджвання. Благачынны Любанскай царкоўнай акругі сардэчна падзякаваў за вялікі асабісты ўклад у маральна-духоўнае выхаванне дзяцей, падлеткаў, за самаадданую працу на карысць Бацькаўшчыны, на славу Божую і ўручыў Архіерэйскую падзяку дырэктару школы мастацтваў Васілю Стэльмаху, загадчыцы лабараторыі вольнага часу Забалацкага сельскага Дома культуры Настассі Караліс, епархіяльны медаль Праведнай Сафіі Княгіні Слуцкай ІІ ступені дырэктару школы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Любові Серавокай. Працягам прыемнага моманту сталі музычныя віншаванні. Спачатку выхаванцы ДШМ парадавалі прыгожымі нумарамі, а потым на сцэне іх змянілі ўдзельнікі калектыву «Рэзананс» з г. Мінска і Міжнароднай садружнасці праваслаўных аўтараў і выканаўцаў «Благадар» з канцэртнай праграмай «Час жыць». Гучнымі апладысментамі гледачы віталі артыстаў.

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://lluban.by/by/kalejdaskop-by/view/prajshli-chargovyja-kaljadnyja-duxouna-asvetnitskija-chytanni-ljubanskaga-blagachynnja-13244/
Афiцыйны сайт газеты Любанскага раёна Усе правы абаронены © 2018 Голас Любаншчыны. Распрацоўка УП "БелТА"