Сустрэча з маладымі талентамі Любаншчыны

Общество
21 марта 2018
101
Сустрэча з маладымі талентамі Любаншчыны

 

Да месца, дзе нарадзіўся, зрабіў першыя крокі, адкуль пайшлі твае карані, заўсёды адчуваеш цеплыню і пяшчоту, дзе б ні жыў, якую б пасаду ні займаў. А ў сэрцы цепліцца надзея, што там памятаюць і чакаюць.

У Год малой радзімы супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі зладзілі сустрэчу пад назвай «Я з келіха надзей п’ю слодыч хараства» з маладымі таленавітымі землякамі, якія, нягледзячы на ўзрост, ужо паспелі здзівіць сваёй творчасцю.

На мерапрыемства, якое праходзіла ў раённым Цэнтры культуры, сабраліся людзі рознага ўзросту, але найбольш, канешне ж, было моладзі.

Імя Максіма Брагінца, вядучага акцёра рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, добра знаёма на Любаншчыне, таму што ён пастаянна жыве далучанасцю да роднай зямлі, і значныя святы, фестывалі не абыходзяцца без яго ўдзелу. Максім запатрабаваны ў тэатры (задзейнічаны ў 17 спектаклях), здымаецца ў кіно (прымаў удзел у 38 праектах), не пакідае футбол, да якога прыкіпеў з дзяцінства. У размове з гледачамі ён адзначыў, што пуцёўку ў жыццё атрымаў у складзе ўзорнага тэатра «Летуценнікі» (кіраўнік Ала Каткавец), дзе займаўся з 4 класа.

– Я выбраў гэты шлях, ніколькі не шкадую і менавіта па ім хачу ісці. Верце ў свае сілы, – звярнуўся ён да моладзі, – і ідзіце толькі наперад. Вядома ж, будзе нялёгка і шмат напаткаеце розных выпрабаванняў. Але трэба не сумнявацца і крочыць далей.

Арцёму Шаплыку, таленавітаму піяністу, які пакарыў многія сцэны свету, выступаў з лепшымі сімфанічнымі аркестрамі, з’яўляецца лаўрэатам міжнародных конкурсаў, усяго 27 гадоў. Сольную кар’еру артыста Белдзяржфілармоніі ён спалучае з педагагічнай дзейнасцю. Нягледзячы на тое, што Арцём нарадзіўся ў Салігорску, там атрымаў першую музычную адукацыю, сваёй малой радзімай ён абавязкова лічыць і Любаншчыну.

– Усе мае карані ў Сарачах, – тлумачыць малады чалавек. – Тут нарадзіліся бацькі, жывуць сваякі. А моладзі, каб дабіцца поспеху, я б параіў многа працаваць, таму што аднаго таленту недастаткова.

Для прысутных ён віртуозна выканаў твор П.І. Чайкоўскага «Думка». Падчас уручэння кветак Арцёму Шаплыку настаўніца дзіцячай школы мастацтваў Людміла Якубоўская падкрэсліла, што ў Любані з нецярпеннем чакаюць сольнага канцэрта піяніста, які мае адбыцца ў красавіку.

Радзімазнаўца Анастасія Кухарэнка – адораны і разнапланавы чалавек. Усім сэрцам любячы Радзіму, яна прысвячае ёй свае вершы і прозу, спрыяе адраджэнню мінулых традыцый (знакамітая «Пятровіца» ў вёсцы Шыпілавічы), аддана нясе ў свет беларускую мову, распаўсюджвае народныя абрады і танцы.

– Малая радзіма дае мне натхненне, я захапляюся людзьмі, якія тут жывуць і нешта ствараюць, мясцінамі, што люблю з дзяцінства. Вельмі хацела б, каб, як раней, гарадскія і сельскія жыхары часцей збіраліся на бяседы, спявалі народныя песні і танцавалі.

Вось такую таленавітую, неабыякавую моладзь выгадавала Любаншчына. Іх творчая праца прыносіць кожнаму сапраўдную асалоду, мы ганарымся іх поспехамі. У асабістым жыцці яны стварылі прыгожыя сем’і, у якіх пануюць узаемаразуменне і згода.

Напрыканцы вечарыны Васіль Каткавец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, уручыў гасцям часцінку роднай зямлі – дамашні хлеб, ваду з чыстай крыніцы, розныя прысмакі – і адзначыў, што нашы мясціны вельмі багатыя на таленты, трэба толькі часцей сустракацца, гаворачы словамі Рыгора Барадуліна, «трэба дома бываць не госцем».

 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio