Гарачае і здаровае харчаванне важна для хлебаробаў

Сельское хозяйство
4 апреля 2024
115

У сельскагаспадарчых прадпрыемствах паўсюдна кіпіць работа: хлебаробы дбайна шчыруюць на зямлі, ствараюць аснову будучага ўраджаю розных яравых культур, ажыццяўляюць догляд за азімымі і шматгадовымі травамі. Намаганні людзей накіраваны на своечасовае і якаснае выкананне ўсіх тэхналагічных аперацый. І, канешне, у гэты гарачы час механізатары без гарачага абеду наўрад ці могуць абысціся.

Як наладжаны працэс харчавання ў мясцовых гаспадарках у гэтыя вясновыя дні, пра гэта даведаліся ў старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяны Рубін, бо менавіта пярвічкі сумесна з кіраўніцтвам сельгасарганізацый клапоцяцца пра забеспячэнне ўдзельнікаў пасяўной смачнымі абедамі.

Як сведчыць народная мудрасць, добры працаўнік – сыты працаўнік. І з гэтым нельга не пагадзіцца. Таму ўжо загадзя ў гаспадарках прынялі меры для арганізацыі гарачага харчавання.


– Для прыгатавання яго маюцца чатыры сталовыя: у адкрытых акцыянерных таварыствах “Асавец-агра”, “Забалацкі”, “Гарадзяцічы-Агра”, “БВА”. Усе яны правераны напярэдадні адказнай кампаніі спецыялістамі санітарнай службы і атрымалі адпаведныя пашпарты. Павары і раздатчыкі маюць медыцынскія даведкі і санітарныя кніжкі. А астатнія прадпрыемствы АПК, дзе няма сваіх харчблокаў, карыстаюцца паслугамі грамадскага харчавання – дагаворы заключаны з райспажыўтаварыствам. Раздатчыкі атрымліваюць ўжо гатовыя стравы і развозяць па вытворчых участках у тэрмасах, каб вяскоўцы маглі падсілкавацца прама ў полі, – расказала Таццяна Аляксандраўна.

Напрыклад, у “Забалацкім” абеды ў сталовай ААТ рыхтуе Юлія Семянчэня. Повар яна выдатны, ведае шмат розных рэцэптаў і стараецца радаваць рупліўцаў толькі смачнай і апетытнай ежай. Састаўляе меню так, каб яно штодня было разнастайным. А раздае порцыі механізатарам, вадзіцелям, паляводам і ўсім, хто зараз задзейнічаны на палявых работах (у цэлым звыш 70 чалавекам), Людміла Дзеніна. Усмешлівая, акуратная, абаяльная жанчына, родам з Украіны. Пераехала на Любаншчыну каля дзясятка гадоў таму, і з таго часу з ахвотай робіць у “Забалацкім”, выконвае свае абавязкі лепшым чынам.

– Праца на зямлі няпростая, патрабуе вялікай самааддачы, вось наша кіраўніцтва і клапоціцца пра тое, каб хлебаробы харчаваліся ў, так бы мовіць, цывілізаваных умовах. Таму ў машыне з абедамі мы возім і столік з табурэткамі, а таксама рукамыйнік, мыла і ручнік. А сытныя абеды заўсёды як дамашнія, – распавяла Людміла Барысаўна.

Што да аплаты, то тут падыход у кожнага свой. Аднак, па словах прафсаюзнага лідэра, практычна ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах у працаўнікоў з зарплаты вылічваюць да 30 працэнтаў іх кошту, астатнюю частку кампенсуюць гаспадаркі. Выключэнне складае толькі “БВА”, дзе прадугледжана 50%.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio